Супраць барысаўскага актывіста Руху “За Свабоду” Сяргея Салаша хочуць завесці крымінальную справу
Пра гэта лідэр дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч даведаўся сёння пасля асабістай сустрэчы з галоўным пракурорам раённай пракуратуры г. Барысава Уладзімірам Шпакоўскім.
Аляксандр Мілінкевіч падчас паездкі па Міншчыне наведаў сёння раённую пракуратуру Барысава. Палітык цікавіўся з якой мэтай туды выклікаюць васьмярых мясцовых актывістаў, сябраў ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты на мінулых мясцовых выбараў Сяргея Салаша і што азначае фармулёўка ў позвах у пракуратуру - па “справе дзейнасці Сяргея Салаша”.
- Як толькі стала вядома, што ў Барысаўскую раённую пракуратуру на допыты выкліканыя васьмёра сябраў ініцыятыўнай групы кандыдата ў мясцовыя дэпутаты Сяргея Салаша, я сам прыехаў ў пракуратуру, каб даведацца аб сутнасці справы, паколькі таксама з’яўляўся сябрам ініцыятыўнай групы - адзначыў лідэр дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.
- Пракурор адказаў, што супраць Сяргея Салаша можа быць распачатая крымінальная справа, таму і пракуратура выклікае сябраў яго ініцыятыўнай групы для суразмовы. Паводле ягоных словаў, Сяргея Салаша могуць абвінаваціць у тым, што ў яго перадвыбарчых выступах была абраза службовых асобаў.
Нагадаем, што цягам двух апошніх дзён у барысаўскую раённую пракуратуру на допыты былі выкліканыя васьмёра мясцовых апазіцыйных актывістаў, паплечнікаў актывіста Руху “За Свабоду” Сяргея Салаша. Позвы ў пракуратуру атрымалі Зміцер Бабіцкі, Сяргей Сацук, Зміцер Мацельскі, Алег Мацкевіч і іншыя.
Усе навіны


