Судовае паседжанне па справе Яраслава Берніковіча перанесенае на 19 ліпеня
Суддзя патлумачыла сваё рашэнне недахопам сведчанняў для вынясення прысуду.
Сёння ў Глыбоцкім раённым судзе (Віцебская вобласць) адбылося паседжанне суда па справе актывіста Руху “За Свабоду” Яраслава Берніковіча. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Паводле міліцыянтаў, актывіст вінаваты ў тым, што быў апрануты ў майку з надпісам “Рух “За Свабоду”, якая з’яўляецца атрыбутам несанкцыянаванай акцыі і ўтрымлівае палітычныя лозунгі Аляксандра Мілінкевіча.
15 ліпеня, у Глыбокім адбылася акцыя Руху “За Свабоду” па папулярызацыі еўрапейскіх каштоўнасцяў. На мясцовым рынку актывісты Руху “За свабоду” распаўсюджвалі каляровыя брашуры “Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі” і CD-дыскі з серыі “Песні Свабоды”.
Падчас акцыі міліцыянты, што дзяжурылі ў гэты час на рынку, выклікалі міліцэйскі “уазік”. Ужо пасля акцыі, у кавярні на выхадзе з рынку быў затрыманы нарадам міліцыі пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Генадзя Качана і дастаўлены ў раённы аддзел міліцыі Яраслаў Берніковіч. У пастарунку на Яраслава Берніковіча быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Міліцыянты расказалі, што падставаю для затрымання стаўся ананімны тэлефонны званок пра тое, што на гарадскім кірмашы праходзіць несанкцыянаваная апазіцыйная акцыя.
Нагадаем, што Рух “За Свабоду” праводзіць акцыю па інфармаванні беларускага грамадства аб выгодах, якія можа атрымаць Беларусь ад палітыкі Добрасуседсва Еўрапейскага Саюзу, выконваючы 12 пунктаў ЕС. Каля станцый метро, на прыпынках грамадскага транспарту, каля адміністратыўных будынкаў і ў іншых людных месцах актывісты Руху “За Свабоду” распаўсюджваюць брашуры “Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі”, а таксама распавядаць грамадзянам аб выгодах якія можа атрымаць нашая краіны ад партнёрства з ЕС.
Усе навіны

