Георгій Вязоўскі: Гасподзь нам дасылае цяжкасці, каб мы аб’ядналіся
Па ініцыятыве Аляксандра Мілінкевіча ў Мінску 28 лістапада адбыўся круглы стол “Свабода сумлення і веравызнання ў Беларусі”.
Аляксандр Мілінкевіч у сваім выступе адзначыў, што талерантнасць была заўсёды ўласціва беларускаму народу і гэтую асаблівасць менталітэту трэба захоўваць. Менавіта таму вельмі шкодна існаванне ў нашым грамадстве праблемаў са свабодай сумлення. Адраджэнне маральнасці і духоўнасці, паводле лідэра дэмакратычных сілаў, немагчыма без адраджэння веры.
У Круглым стале ўзялі удзел святары і вернікі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і палітычных партыяў. У якасці назіральнікаў прысутнічалі амбасадар ЗША Карэн Сцюарт, прадстаўнікі амбасадаў Чэхіі, Нямеччыны і Славакіі, офіса АБСЕ.
Прысутныя абмеркавалі шматлікія выпадкі парушэння правоў на свабоду веравызнання, якія набылі масавы характар за апошнія гады. Змены ў заканадаўстве толькі павялічваюць магчымасці ціску на вернікаў з боку ўлады. Фактычна, без дазволу ўладаў вернікі не могуць сабрацца на багаслужэнне. Высылаюцца святары. Ліквідуюцца рэлігійныя арганізацыі, людзей караюць штрафамі і арыштамі. Існуюць праблемы пры ўзгадненні пытанняў аб будаўніцтве і набыцці культавых устаноў.
На круглым стале, які вёў сябра аргкамітэта партыі БХД Аляксей Шэін, выступалі пастар Вячаслаў Ганчарэнка, юрыстка Дзіна Шаўцова, кіраўнік царквы “Новае жыццё” Сяргей Луканін, палітык Мікола Статкевіч, доктар філасоўскіх навук Вячаслаў Оргіш, пастары Георгій Вязоўскі, Антон Бокун, праваабаронца Валянціна Трыгубовіч, палітыкі Анатоль Астапенка і Павал Севярынец.
Сяргей Луканін заўважыў, што прывілегіяванае становішча адных канфесій і прыніжэнне іншых істотна перашкаджае пабудове грамадзянскай супольнасці. Думку падтрымаў кандыдат філасофскіх навук Вячаслаў Оргіш. Ён лічыць, што царква гістарычна, з часоў сярэднявечча была адзіным апанентам дзяржавы. На думку эксперта, забяспечыць свабоду сумлення можно толькі тады, калі ўсе канфесіі будуць мець роўныя ўмовы і незалежаць ад дзяржавы.
Георгій Вязоўскі з царквы “Запавет Хрыста” прааналізаваў ўзаемаадносіны царквы і савецкай і беларускай дзяржавы і прыйшоў да высновы, што таталітарызм не можа сусіснаваць са свабодай на веравызнанне.
Павал Севярынец адзначыў, што прынцыпы свабоды, праўды і законнасці з’яўляюцца, па сутнасці, прынцыпамі хрысціянства. На яго думку, менавіта хрысціянства вядзе да дэмакратыі. І гэты шлях быў цалкам натуральны для Беларусі, але сённяшняя ўлада не хоча будаваць дэмакратыю.
- Рэжым трымаецца на хлусні, страху, гвалце. Ён бачыць у хрысціянстве пагрозу менавіта таму, што яно разбурае гэтыя слупы таталітарнай дзяржавы, -- лічыць Павал Севярынец.
Удзельнікі круглага стала разважалі над прычынамі ўзнікнення праблем з рэалізацыяй права на свабоду сумлення ў Беларусі і прыйшлі да высновы, што яны штучна інспіраваныя дзяржавай, якая не зацікаўлена ў людзях з незалежным мысленнем. Больш за тое, рэлігійным арганізацыям чыняцца штучныя перашкоды ў выконванні значных сацыяльных функцыяў у грамадстве, а менавіта ў папярэджанні і пераадоленні такіх распаўсюджаных негатыўных з’яваў беларускага грамадства, як алкагалізм і наркаманія, злачыннасць і разбурэнне інстытута сям’і, што вядзе да дэградацыі маральнага і духоўнага падмурку беларускай нацыі.
У сувязі з гэтым удзельнікі прынялі зварот да заканадаўчай і выканаўчай улады, у якім у прыватнасці патрабуюць ад заканадаўчай улады Рэспублікі Беларусь:
- Прывесці Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, Закон “Аб агульнай сярэдняй адукацыі”, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ў адпаведнасць з нормамі арт. 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 18 і арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, п.16.2 Выніковага дакументу Венскай сустрэчы краін-удзельніц НБСЕ (АБСЕ) ад 10 студзеня 1989 г., а таксама прынцыпамі Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Дэкларацыі пра ліквідацыю ўсіх формаў нецярплівасці і дыскрымінацыі на падставе рэлігіі або перакананняў.
Ад выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь удзельнікі патрабуюць:
Не абмяжоўваць дзейнасць рэлігійных арганізацыяў, якія не пагражаюць грамадскай бяспецы, парадку, здароўю і маралі, роўна як і асноўным правам і свабодам іншых асобаў;
Не абмяжоўваць правядзенне грамадзянамі сходаў рэлігійнага характару;
Спыніць практыку ўмяшальніцтва ва ўнутраную дзейнасць рэлігійных арганізацыяў, у тым ліку ў абранне і прызначэнне святароў;
Спыніць практыку ўмяшальніцтва ў адукацыйную і інфармацыйную дзейнасць рэлігійных арганізацыяў;
Спыніць практыку адвольных дэпартацыяў святароў і царкоўных служак рэлігійных арганізацыяў;
Спыніць практыку перашкодаў рэлігійным арганізацыям у выкананні сацыяльных функцыяў у грамадстве, а таксама ў іх дабрачыннай дзейнасці.
Глядзі таксама:
Выступ Аляксандра Мілінкевіча на адкрыцці Круглага стала “Свабода сумлення і веравызнання ў Беларусі”





Усе навіны


