Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Донары ўдзячны Руху за падтрымку

05/12/07

Пратэсты донараў крыві ў сувязі з татальным скасаваннем льгот далі пэўны плён. Дзяржава пакінула за донарамі 40% надбаўку на пенсію. Нефармальны лідэр магілёўскіх донараў Ігар Каваленка ўдзячны Руху “За Свабоду” за ўсебаковую падтрымку і дапамогу ў арганізацыі донарскіх пратэстаў.

 

- Калі мы пачалі пратэставаць супраць скасавання льгот, актывісты Руху нам аказвалі ўсебаковую падтрымку: арганізацыйную, маральную, юрыдычную. Менавіта таму нашыя акцыі атрымаліся зладжанымі, арганізаванымі і даволі эфектыўнымі. Я асабіста вельмі ўдзячны Руху за гэта, - кажа Ігар Каваленка.

 

Па словах ганаровага донара Ігара Каваленкі, вельмі небяспечная тэндэнцыя скарачэння жадаючых здаць для медычных мэтаў кроў становіцца відавочнай. Калі дзяржава не зменіць сваё стаўленне да тых, хто ахвяруе сваёй крывёй, медычныя ўстановы сутыкнуцца праблемай недахопу плазмы.

 

Такім чынам, донары дамагліся вяртання толькі часткі адабраных льгот (за імі таксама пакінулі два адгулы, кампенсацыю за харчаванне, аднадзённы заробак). Тым не менш Ігар Каваленка не губляе аптыпізма і намераны змагацца далей, дамагаючыся вяртання права на 50% зніжку на лекі і зубапратэзаванне. Па яго словах, наладжваецца супрацоўніцтва беларускіх донараў з дэпартаментам біямедыцыны пры ПАСЕ. Калі не атрымаецца стварыць грамадскую арганізацыю ў Беларусі, цалкам магчыма арганізавацца на міжнародным узроўні.

 

Нагадаем, з 2008 года пачынае дзейнічаць Закон “Пра дзяржаўныя сацыяльныя льготы, правы і гарантыі для асобных катэгорый грамадзян”, паводле якога скарачаецца шэраг ільгот і сацыяльных гарантый для мільёнаў грамадзян Беларусі. Дзяржава пры гэтым разлічвае перайсці на адрасную дапамогу маламаёмасных і зэканоміць пры гэтым да мільярда даляраў.


Усе навіны