У Брэсце затрымалі ўдзельнікаў пікету
Сёння дэмакратычная моладзь Брэста зладзіла пікет каля консульства Расіі. Затрыманых каардынатара Руха "За Свабоду" Андрэя Шарэнду і моладзевую актывістку Насту Ільіну пакаралі арыштамі.
Каля 15 чалавек, актывісты Руху “За Свабоду” і сябры Партыі БНФ арганізавалі сёння пікет каля консульства Расіі ў Брэсце. Моладзь разгарнула расцяжкі “Не расійскім ваенным базам на Беларусі!”, “Пуцін! Go home!”. Удзельнікі пікета паспелі перадаць петыцыю са сваімі патрабаваннямі ў консульства і раздаць частку ўлётак мінакам. Хутка з’явілася міліцыя, якая разагнала пікет. Затрыманых Андрэя Шарэнду і Насту Ільіну адвезлі ў апорны пункт міліцыі па адрасе Савецкая, 6.
Увечары пачаліся працэсы над затрыманымі ў судзе Ленінскага раёна Брэста. Суддзя Ларыса Назарэнка пакарала Насту Ільіну пяццю суткамі адміністратыўнага арышту за "ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве". Старэйшы лейтэнант міліцыі Ігар Гапоненка перад слуханнем справы Андрэя Шарэнды загадаў падначаленым вытаўкаць людзей, якія прыйшлі на адкрыты працэс, на вуліцу. У будынку застаўся толькі сам Андрэй Шарэнда і ягоны адвакат.
Каардынатар Руха з Брэста Андрэй Шарэнда атрымаў па абвінавачванню ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 7 сутак арышту.
Усе навіны


