КДБ правёў ператрус у Гомелі
Супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі 14 снежня правялі ў Гомелі вобшукі на кватэрах мясцовых актывістаў і іх сваякоў.
Па словах гомельскага каардынатара Руху “За Свабоду” Уладзіміра Кацоры, на кватэры якога таксама быў ператрус, супрацоўнікі КДБ шукалі на кватэрах актывістаў улёткі да 16 снежня і капіравальную тэхніку.
Сканфіскаваны невялікія наклады малафарматных газетаў “Свабода”, “Калінка”, некалькі ўлётак у абарону маладога актывіста Змітра Дашкевіча, плакат “Дзе Захаранка?”, а таксама кампакт-дыскі і дзелавыя паперы з асабістай тэчкі.
Супрацоўнікі спецслужб правялі вобшукі ў кватэрах сваякоў сябраў АГП Зінаіды Шумілінай і Леаніда Судаленкі, а таксама ў прыватным доме ў вёсцы Шарпілаўка, у якім жыве цешча Уладзіміра Кацоры.
Уладзімір Кацора выказаў неўразуменне ў сувязі з дзеяннямі супрацоўнікаў спецслужб: “Што можна шукаць на дачах і ў жылых дамах нашых сваякоў — я не разумею. Гэта вышэй за логіку і чалавечы розум”.
Ператрусы звязаны з распаўсюдам у Гомелі ўлётак пра замоўлены на 16 снежня мітынг супраць адмены льготаў, дазвол на які гарадскі выканаўчы камітэт не даў.
Усе навіны


