Адміністрацыйная справа - за памятны крыж
Праваахоўныя органы хочуць пакараць актывіста Руху “За Свабоду” з Гарадка, аўтара крыжа ў памяць расстраляных беларусаў, Леаніда Аўтухова. Толькі пакуль яшчэ не вызначылі, за што і па якім артыкуле.
Прайшло больш месяца пасля знікнення крыжа “Змагарам за Свабоду”, усталяванага ля вёскі Фралова (Віцебская вобласць) грамадскімі актывістамі. Міліцыянты прыпынілі расследаванне па факце яго знікнення, аднак распачалі справу супраць аўтара крыжа Леаніда Аўтухова.
- Мяне выклікалі ў міліцыю і супрацоўнік паведаміў, што на мяне хочуць скласці пратакол па адміністрацыйным парвапарушэнні, толькі пакуль што не вырашана, па якім менавіта артыкуле, - адзначыў Леанід Аўтухоў. –Ім загадана любым чынам мяне пакараць і, магчыма, гэта будзе справа па самавольным захопе зямлі пад крыж.
Паводле намесніка старшыні Руху “За Свабоду” Юрася Губарэвіча, падобнымі дзеяннямі ўлада паказвае сваю недэмакратычную сутнасць, замест таго, каб самой займацца ўшанаваннем памяці людзей, што загінулі падчас чырвонага тэрору.
- Гэта жахліва, калі крадуць крыжы, - гаворыць Леанід Аўтухоў, які, нягледзячы ні на што, збіраецца ўвесну аднавіць памятны крыж.
Нагадаем, крыж быў усталяваны ў памяць беларусаў, якія змагаліся ў 1918 годзе супраць бальшавікоў і былі растраляны без суда карнікамі. Больш месяца таму металічны крыж быў таемна спілаваны з выкарыстаннем сучасных прыстасаванняў і знік.
Усе навіны

