Дэпутаты аддалі свае льготы донарам
21 снежня дэпутаты Магілёўскага гарсавета прынялі рашэнне аб захаванні для донараў бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце.
- Вельмі цяжкім было змаганне за нашу “магілёўскую” льготу, толькі так яе можна назваць. Мы правялі шырокую кампанію, якая ўключала ў сябе шматлікія інфармацыйныя, прэзентацыйныя і страйкавыя акцыі з мэтай паінфармаваць грамадства аб тым, кім з’яўляюцца донары для медыцыны і для ўстаноў аховы здароўя і наколькі рызыкоўна застацца без іх дапамогі, - паведаміў нефармальны лідэр магілёўскіх донараў, актывіст Руху “За Свабоду” Ігар Каваленка. – Дэпутаты Магілёва адмовіліся ад сваіх льготаў на бясплатны праезд і вярнулі іх донарам. І гэта быў вельмі сур’ёзны і важны крок з іх боку. Мы вельмі рады, што яны прынялі такое рашэнне.
Ігар Каваленка не губляе аптыпізма і намераны змагацца далей, дамагаючыся вяртання права на 50-працэнтную зніжку на лекі і зубапратэзаванне. Акрамя таго ён плануе шэраг паездак па абласцях Беларусі з мэтай распавесці пра сваю дзейнасць донарам краіны і паказаць на сваім прыкладзе, што нават у сённяшніх умовах трэба абараняць свае правы.
- Гэта цудоўны прыклад таго, што трэба не апускаць рукі, а змагацца. Магілёўскія донары не проста адваявалі сабе бясплатны праезд, яны адстаялі сваю годнасць такім учынкам, - адзначыў лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
Цяпер магілёўскія донары хочуць заснаваць сваё грамадскае аб’яднанне, якое будзе аказваць падтрымку гэтай групе насельніцтва.
Усе навіны

