English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Працягваюцца спробы асудзіць Леаніда Аўтухова

29/12/07

28 снежня актывіста Руху “За Свабоду”, аўтара крыжа “Змагарам за Свабоду” Леаніда Аўтухова выклікалі ў Гарадоцкі РАУС як сведку па адміністрацыйнай справе. Там на яго склалі пратакол па артыкуле 23.39 АК “Самаўпраўства”.

 

У той жа дзень актывіста даставілі ў Гарадоцкі суд, дзе суддзя Уладзімір Гладкоў пачаў разглядаць справу, аднак прызнаў, што пратакол складзены няправільна і адправіў яго на дапрацоўку.

 

Прайшло больш месяца пасля знікнення крыжа “Змагарам за Свабоду”, усталяванага ля вёскі Фралова (Віцебская вобласць) грамадскімі актывістамі. Міліцыянты прыпынілі расследаванне па факце яго знікнення, аднак распачалі справу супраць аўтара крыжа Леаніда Аўтухова, якога хочуць абвінаваціць па адным з артыкулаў адміністрацыйнага кодэкса.

 

Нагадаем, крыж быў усталяваны ў памяць беларусаў, якія змагаліся ў 1918 годзе супраць бальшавікоў і былі растраляны без суда карнікамі. Больш месяца таму металічны крыж быў таемна спілаваны з выкарыстаннем сучасных прыстасаванняў і знік.

 

На думку сяброў спадара Аўтухова, справа з пакараннем за усталяванне крыжа ёсць нічым іншым, як спробай пакараць грамадскага актывіста за яго актыўную дзейнасць пасля неадбыўшайся сустрэчы з пісьменнікам Уладзімірам Арловым. Пасля адмовы на сустрэчу Леанід Аўтухоў напісаў лісты у вышэйстаячыя органы з заклікам да кіраўнікоў, супрацоўнікаў выканаўчай улады выкарыстоўваць родную мову ў зносінах з яе карыстальнікамі.


Усе навіны