Пінчукі гатовыя да пратэстаў
Актывістамі Руху “За Свабоду” напрыканцы 2007 году ў Пінске былі праведзены апытанні мясцовых жыхароў. Найбольш хвалююць пінчукоў праблемы экалогіі, ЖКХ ды сацыяльныя пытанні.
Агулам было апытана 300 чалавек. Грамадзянам прапанавалі запоўніць ананімную анкету з пытаннямі, на якія даваліся некалькі варыянтаў адказу на выбар. Даследванне тычылася сітуацыі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы ды іншых сацыяльных пытанняў.
70% пінчукоў асноўнай мясцовай праблемай назвалі дрэнны стан вулічнага асвятлення. Яны лічаць, што бюджэтныя сродкі, выдзеленыя на жыллёва-камунальную гаспадарку Пінска, далёка не заўсёды рацыянальна выкарыстоўваюцца. Амаль усе апытаныя (98%) лічаць, што збор другаснай сыравіны у жыхароў камунальшчыкамі не арганізаваны. Ня дзіва, што задавальняюча ацэньваюць работу ЖКХ толькі 14% рэспандэнтаў (астатнія даюць негатыўныя ацэнкі, альбо ніяк не ацэньваюць).
Даследвалася таксама сацыяльна-эканамічнае становішча жыхароў сталіцы Палесся. Дзевяць з дзесяці апытаных адзначаюць, што ўзровень жыцця за апошнія 5 год альбо пагоршыўся (74%), альбо не палепшыўся (16%). Паляпшэнне ўзроўню жыцця адзначыў толькі кожны соты рэспандэнт. Паводле вынікаў апытання, у выпадку далейшага пагаршэння сацыяльнага становішча траціна апытаных гатовая браць удзел у вулічных акцыях.
92% апытаных звязваюць пагаршэнне здароўя сваіх дзяцей з ускладненнем экалагічнай сітуацыі і дрэнным харчаваннем. Пры гэтым, на думку жыхароў, мясцовыя і прадстаўнічыя ўлады застаюцца глухімі да зваротаў грамадзянаў з мэтай выправіць сітуацыю.
89% апытаных жыхароў Пінска заявілі, што заробленых грошаў хапае толькі на недарагую ежу і танную вопратку. Ашчаджаць пры гэтым нічога не атрымліваецца.
Паводле вынікаў апытання, у выпадку пагаршэння сацыяльнага становішча траціна апытаных гатовая прымаць удзел у грамадскіх мерапрыемствах.
Усе навіны


