Грамадскія слуханні – не для грамадзян
На грамадскіх слуханнях з нагоды ўводу прадпрыемства па вырабу ядахімікатаў у горадзе Бяроза ў намесніка старшыні Руху “За Свабоду" Юрася Губарэвіча адабралі мікрафон.
Учора 17 студзеня 2007 года ў г. Бяроза Берасцейскай вобласці адбыліся грамадскія слуханні з нагоды будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю Замежнага Прадпрыемства “Франдэса”. Яго уласнік – грамадзянін Ізраіля Барыс Фрыцаліс. Профіль прадпрыемства - выраб ядахімікатаў, сродкаў абароны раслінаў (гербіцыды).
Пытанне будаўніцтва “Франдэсы” выклікала хвалю грамадскага пратэсту. Праводзіўся збор подпісаў пад патрабаваннем зачыніць прадпрыемства – сабрана больш за 3000.
Прадпрыемства было ўведзена ў эксплуатацыю 20 ліпеня 2007 году, аднак грамадскія слуханні былі праведзены са спазненнем на шэсць месяцаў. Гэта парушае Орхускую канвенцыю, якая ратыфікаваная Рэспублікай Беларусь.
Слуханні адбыліся ў актавай залі адзела культуры Бярозаўскага райвыканкама. Прысутнічала каля 200 удзельнікаў, пераважна прадстаўнікі ідэалагічных аддзелаў выканкама і прадпрыемстваў раёна. На слуханні прыехалі таксама сябры Руха “За Свабоду” і Партыі БНФ - у прыватнасці Юрась Губарэвіч - намесьнік старшыні ПБНФ і адначасова намеснік старшыні Руху "За Свабоду", прафесар Іван Нікітчанка, Юрась Меляшкевіч - кіраўнік камісіі па пытаннях экалогіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС ПБНФ.
Вялі слуханні прадстаўнікі выканкама і прадпрыемства “Франдэса”. Пасля дакладу прадстаўніка прадпрыемства вядучы спыніў усе дыскусіі, прапанаваўшы задаваць пытанні спецыялістам. У якасці апошніх прысутнічалі прадстаўнікі Акадэміі навук, МНС, раённай лякарні, галоўны санітарны лекар Беларусі і уласнік прадпрыемства Фрыцаліс.
Паколькі пытанні былі даволі крытычнымі, дыскусія ўсё ж атрымалася і нават перайшла ў перапалку. Прысутны на слуханнях намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч прапанаваў перавесці дыскусію ў цывілізаванае рэчышча і даць магчымасць кожнаму боку выказаць сваё бачанне наконт пабудовы прадпрыемства. Ён таксама папрасіў слова, каб выкласці падрыхтаваную ім інфармацыю.
Аднак паколькі ў дакладзе Губарэвіча прагучала негатыўная ацэнка прадпрыемства як небяспечнага для здароўя людзей, ён доўжыўся ня больш за тры хвіліны. Пад узняўшыся ў залі лямант вядучы сходу літаральна адабраў мікрафон у выступоўцы. Адкрытага і бесстаронняга абмеркавання прысутныя так і не дачакаліся.
Атрымалася, што ўлада не можа стварыць нават бачнасць дэмакратычных працэдураў. Грамадскія слуханні, закліканыя выявіць увесь спектр думак адносна таго ці іншага важнага пытання, ператвараюцца ў маналог улады, падчас якога усіх незадаволеных спрабуюць пазбавіць голасу.
– Мы працягнем кампанію інфармавання насельніцтва аб магчымых негатыўных наступствах дзейнасці прадпрыемства па вытворчасці ядахімікатаў. У той жа час мы будзем патрабаваць ад уладаў большай адкрытасці і празрыстасці сваёй дзейнасці, асабліва ў тых пытаннях , што тычацца бяспекі жыцця і здароўя грамадзянаў. Гэтыя патрабаванні замацаваны Канстытуцыяй, – падкрэсліў Юрась Губарэвіч.
Усе навіны


