Актывісты Руху прымусілі ўлады вырашаць экалагічныя праблемы
Прадстаўнікі уладаў Наваполацка пад ціскам грамадзкасці абяцалі знайсці грошы на пабудову заводу па перапрацоўцы смецця і ўсталяваць сучасную станцыю маніторынгу паветра.
Актывісты Руху “За Свабоду” з месяц таму даслалі лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта, палату прадстаўнікоў, Міністэрства аховы здароўя, у якіх яны звярталі ўвагу на экалагічныя праблемы ў рэгіёне. Пісьмовы адказ атрымалі толькі ад Мінздрава. Чатырохстаронкавы ліст з міністэрства не мае ніводнага адказу па сутнасці. Аднак, 22 студзеня ў Наваполацкай гарадской раённай інспекцыі па ахове прыродных рэсурсаў адбыўся круглы стол па стану экалагічнага асяроддзя ў Наваполацку. На яго запрасілі і чатырох прадстаўнікоў грамадскасці – аўтараў лістоў.
На думку Ўладзімера Шаўчэнкі, актывіста Руху “За Свабоду” і сябра арганізацыі “Экадом”, арганізаваны мясцовымі уладамі сход стаўся своеасаблівым адказам на шматлікія звароты.
Уладу прадстаўлялі: старшыня Гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы асяроддзя Уладзімер Куксёнак, намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Віктар Усціненка, старшыня абласнога Камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Байкоў, старшыня дзяржаўнага кіравання Віцебскаблгідрамета Алла Шолахава, старшыня Наваполацкай экалагічнай лабараторыі Наталля Сенкевіч, а таксама прадстаўнікі мясцовага Водаканала і цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Спачатку размова ішла нервова. Грамадскія актывісты казалі пра забруджванне ў Наваполацку вады і паветра, якое ў разы перавышае дапушчальныя нормы. Скардзіліся таксама і на тое, што камбінат па перапрацоўцы бытавых адкідаў будуецца ўжо 7 гадоў. Звярнулі ўвагу і на становішча цэнтральнага водаправода, дзе было ажно 46 прарываў. Чыноўнікам не вельмі прыемна было выслухоўваць крытыку ад грамадскіх актывістаў.
– Мы сабралі звесткі пра якасць пітной вады, паветра. Пры дапамозе міжнародных методык мы рабілі аналізы проб пітной вады з розных кватэраў. Высветлілася, што колькасць сухога рэчыва ў вадзе перавышае агульнапрынятыя нарматывы ў 8 разоў. Звярнулі ўвагу і на праблему пабудовы заводу па перапрацоўцы побытавых адыходаў. Неабходныя факталагічныя матэрыялы мы атрымалі, дзякуючы Міжнароднаму экалагічнаму сімпозіуму, які арганізоўваўся Наваполацкім універсітэтам летась, а таксама ўласным даследаванням. Усе сабраныя намі факты знайшлі сваё месца ў нашым звароце. Улады не могуць іх проста праігнараваць, – лічыць спадар Шаўчэнка.
Урэшце ўдзельнікі прыйшлі да пэўнага паразумення. Прадстаўнікі уладаў паабяцалі выдаткаваць на дабудову камбіната па перапрацоўцы бытавых адкідаў 10 млрд. рублёў з ліку тых, што заплацілі дзяржаве брудныя прадпрыемствы ў якасці штрафаў. Чыноўнікі паабяцалі дабудаваць завод да канца 2008-га году. На бліжэйшы час запланавана таксама ўсталяванне станцыі маніторынгу паветра ў Наваполацку, якая будзе працаваць кругласутачна.
Такім чынам, сябры Руху “За Свабоду” прымусілі ўлады пайсці на дыялог з грамадствам і заняцца рэальным вырашэннем існуючых экалагічных праблемаў. Але на гэтым яны не спыніліся:
– Мы рыхтуем дакументы на рэгістрацыю мясцовага ГА “Экасоцыюм” каб пададаць іх у абласное ўпраўленне юстыцыі. Намеснік старшыні наваполацкага гарвыканкама Віктар Усціненка мусіў прызнаць на сходзе, што нічога не мае супраць. А менавіта ад мясцовай улады патрэбна згода для рэгістрацыі. Мы плануем адкрыць грамадзянскую прыёмную па экалагічных пытаннях, арганізаваць збор статыстычныя дадзеныя па забруджваннях рэгіёну, адчыніць у сябе экалагічную бібліятэчку, – кажа Уладзімер Шаўчэнка.
Усе навіны


