English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Рух “За Свабоду” пачынае кампанію “За свабодныя выбары”

04/02/08

Кампанія мае на мэце спрыяць правядзенню свабодных і справядлівых выбараў у Парламент у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і прынятымі ў дэмакратычных краінах нормамі.

 

За асноўныя правы

 

У артыкуле 25 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь, замацаваны права кожнага грамадзяніна “без усялякай дыскрымінацыі і без неабгрунтаваных абмежаванняў галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія праводзяцца на грунце ўсеагульнага і роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і якія забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў”.

 

І хоць кожнае з правоў Пакта ў той ці іншай ступені спрыяе стварэнню ўмоў для правядзення празрыстых выбараў, сярод іх ёсць найважнейшыя, без выканання якіх, выбары не могуць быць прызнаны свабоднымі і дэмакратычнымі. Гэта права на свабоду думкі (меркаванняў), свабоду слова, свабоду распаўсюджвання інфармацыі, свабоду сходаў і асацыяцыяў, права на незалежную судовую працэдуру і права на абарону ад дыскрымінацыі.

 

Менавіта парушэнне гэтых праў дае дзяржаўным структурам магчымасць фальсіфікаваць выбары. Таму Рух будзе надаваць іх выкананню пільную ўвагу напярэдадні і падчас выбарчай кампаніі ў Парламент. Урад не мусіць і надалей грэбаваць асноўнымі правамі, замацаванымі міжнароднымі актамі і Канстытуцыяй Беларусі.

 

За роўныя магчымасці

 

Па словах намесніка кіраўніка Руху Юрася Губарэвіча, дэмакратычнасць выбараў будзе вызначацца па трох асноўных крытэрах:

 

- магчымасці палітычных партый і кандыдатаў дэлегаваць і мець гарантаванае месца для сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях ўсіх узроўняў;

 

- роўныя для усіх магчымасці вылучэння кандыдатам і вядзення паўнавартаснай перадвыбарчай кампаніі;

 

- магчымасці для назіральнікаў бесперашкодна адсочваць выбарчыя працэдуры

 

Дадзеныя крытэры вызначаліся на падставе нядаўна праведзенага сацыялагічнага даследавання. Паводле яго беларусы дзеля прызнання выбараў свабоднымі і дэмакратычнымі выказаліся за мажлівасць назіральнікаў бачыць у бюлетэнях пазнакі, зробленыя грамадзянамі, а таксама мець права на перападлік запоўненых бюлетэняў.

 

На бліжэйшы час запланавана правядзенне круглага стала з мэтай распрацоўкі зменаў у выбарчае заканадаўства і практыкі прымянення існуючых нормаў закону. Вынікі круглага стала будуць выкарыстаныя пры планаванні кампаніі па зборы подпісаў з патрабаваннем да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў унесці адпаведныя змены ў Выбарчы кодэкс і іншыя нарматыўныя акты.


– Калі ўлада будзе не спрыяць правядзенню свабодных і справядлівых выбараў, а імкнуцца іх сфальсіфікаваць, мы зробім усё магчымае, каб данесці інфармацыю пра парушэнні і няроўныя ўмовы перадвыбарчай кампаніі да насельніцтва Беларусі і міжнароднай грамадскасці. Людзі мусяць ведаць праўду і кардынальна змяніць сваё стаўленне да маніпуляцый. Паводле даследаванняў НІСЭПД, больш за палову беларусаў пакуль лічыць, што істотных парушэнняў падчас выбарчых кампаній не адбываецца і вынікі выбараў адпавядаюць сапраўднаму волевыяўленню грамадзянаў, – паведаміў Юрась Губарэвіч.

 

Спіс 110-ці

 

Рух ужо практычна сфармаваў спіс 110-ці кандыдатаў у сябры ўсіх акруговых выбарчых камісіяў краіны. З іх каля 30 асобаў мелі досвед працы дэпутатамі мясцовага і нацыянальнага узроўняў. Больш дзесяці чалавек былі сябрамі выбарчых камісіяў. Шмат хто з іх мае юрыдычную адукацыю альбо досвед удзелу ў выбарах у якасці кандыдатаў ці назіральнікаў.

 

Падобная праца вядзецца і ў дачыненні вылучэння сябраў ва ўчастковыя камісіі. Як паведаміў намеснік кіраўніка Руху “За Свабоду”, сябра Прэзідыума Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл  Віктар Карнеенка, Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы дамовіліся дадаць да гэтага спісу сваіх прадстаўнікоў.

 

– Канчатковы спіс будзе перададзены ў адпаведныя дзяржаўныя органы для ўключэння прапанаваных асобаў у склад выбарчых камісіяў. Калі ўлады адмовяцца прызначыць прапанаваных дэмакратычнымі сіламі кандыдатаў у камісіі на падставе нібыта адсутнасці ў іх адпаведнага досведу працы ці па іншых надуманых прычынах, гэта будзе сведчыць пра нежаданне ўлады праводзіць выбары свабодна і дэмакратычна, – адзначыў Віктар Карнеенка.

 

Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў хутчэй за ўсё адбудуцца напрыканцы верасня 2008 года.


Усе навіны