Эксперты вырашылі ўдасканальваць практыку прымянення выбарчага заканадаўства (дадаліся фота)
У Мінску адбыўся круглы стол на тэму “Неабходныя змены выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення”. Мерапрыемства ініцыяваў Рух “За Свабоду” ў межах кампаніі “За свабодныя выбары”.
Першая частка мерапрыемства адбылася ў сядзібе Партыі БНФ.У працы круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў краіны. Сярод удзельнікаў Віктар Карнеенка, Юрась Губарэвіч, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Міхаіл Пастухоў, Уладзімір Лабковіч, Сяргей Калякін, Сярей Альфер, Уладзімір Колас, Павал Севярынец, Алег Волчак ды іншыя палітыкі, удзельнікі мінулых выбарчых кампаній, агулам болей за 20 чалавек.
На круглым стале пад старшынствам намесніка кіраўніка Руху, сябра Прэзідыума Палітрады АДС “За Свабоду” Віктара Карнеенкі разглядалася існуючая практыка прымянення выбарчага заканадаўства ў Беларусі.
Віктар Карнеенка абагульніў вынікі паседжання. Удзельнікі круглага стала пагадзіліся, што пытанне ўдасканалення арганізацыі выбарчага працэсу мае не толькі юрыдычнае, але палітычнае гучанне, і трэба быць гатовым не толькі да змагання за змены, але і да працы ва ўмовах па змененых правілах і не губляць сувязі з выбаршчыкамі. Вельмі важна даносіць да грамадскасці інфармацыю пра механізмы фальсіфікацыі выбараў і прыцягваць грамадзян да змагання з імі.
Было прынятае рашэнне кіравацца пакрокавай стратэгіяй і на 1-м этапе дамагацца якасных зменаў у практыцы прымянення існуючага выбарчага заканадаўства, а не зменаў самога Выбарчага кодэксу, што досыць складана зрабіць да бліжэйшай выбарчай кампаніі.
Гучалі прапановы дамагацца ад улады ўключэння у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў ад палітычных сілаў, якія выставілі сваіх кандыдатаў на выбарах, максімальна спрасціць умовы сустрэчы кандыдата з выбаршчыкамі, пашырыць правы назіральнікаў, зрабіць адкрытай працэдуру падліку галасоў, павялічыць тэрміны абскарджвання вынікаў, абвешчаных ЦВК.
Напрыканцы мерапрыемства была створана рабочая група ў складзе Уладзіміра Лабковіча, Сяргея Альфера, Юрыя Чавусава, Юр’я Губарэвіча, Алены Скрыган, Вацлава Арэшкі, Алега Гулака і Валянціна Стэфановіча. Гэта людзі, якія маюць вялікі досвед у арганізацыі мінулых выбарчых кампаній. Узначаліў групу Віктар Карняенка.
Бліжэйшае паседжанне рабочай групы адбудзецца 12 лютага аб 11 гадзіне. Да гэтага дня будзе сфармуляваны мінімальны набор неабходных зменаў, якіх будуць дамагацца ўдзельнікі кампаніі “За свабодныя выбары” ад уладаў і падрыхтаваны пакет канкрэтных прапаноў па дзеянню ў вызначаных напрамках.





Усе навіны


