Гамельчукі сустрэліся з Мілінкевічам (фота і відэа)
У Гомелі на сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам прысутнічала каля 60 чалавек.
Падчас сустрэчы, якая доўжылася 40 хвілін, людзі распытвалі лідэра Руху “За Свабоду” пра несправядлівую сістэму кантрактаў, студэнтаў цікавіла пытанне льготаў, маладзёвых крэдытаў, а таксама жыллёвае пытанне, пенсіянераў - медыцынскае абслугоўванне.
- Галоўная тэма, якая сёння гучала на сустрэчы – адмена сацыяльных падтрымак, - гаворыць намеснік старшыні Руху Віктар Карнеенка. – Людзі разумеюць, што адзінагалоснае прыняцце такога рашэння дэпутатамі, гэта зусім няправільна, і шукаюць альтэрнатывы.
- Нам задавалі вельмі канкрэтныя пытанні, агучвалі канкрэтныя праблемы, што рабіла размову шчырай і цікавай. Зразумела, цалкам адказаць на іх мы не можам, але ўсе іх прымаем да ўвагі і будзем намагацца шукаць магчымасці дапамагчы людзям, - адзначыў Віктар Карнеенка.
Як распавёў актывіст Руху Аляксей Кавалец, на сустрэчу падыйшлі таксама будаўнікі з суседняй новабудоўлі, якія скардзіліся, што іх заробкі, нягледзячы на павышэнне цэнаў за квадратны метр жылля, застаюцца на месцы ўжо некалькі гадоў. “Напэўна, гэтыя выказванні не вельмі спадабаліся супрацоўнікам спецслужбаў, таму што калі хлопцы адыходзілі, за імі пайшлі некалькі чалавек у цывільным”, - дадаў Аляксей Кавалец.
На спатканні з гамельчукамі, якое адбывалася на вуліцы, недалёка ад ЖЭСа, прысутнічаў таксама начальнік упраўлення ідэалогіі гомельскага аблвыканкама Анатоль Каціла, а некалькі чалавек у цывільным здымалі ўсё на камеру. Аднак ніякіх перашкодаў не было.
Нагадаем, 13 лютага на 7 сутак арыштавалі гомельскага каардынатара Руху “За Свабоду” Уладзіміра Кацору, які з’яўляецца адным з арганізатараў сустрэчы. Яго прызналі вінаватым у парушэнні закону аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Па гэтым жа артыкуле атрымаў 5 сутак яшчэ адзін актывіст Пётр Кузняцоў. Акрамя таго, за раздачу ўлётак перад сустрэчай на 30 базавых велічынь аштрафавалі Уладзіміра Шуміліна, Андрэя Ляшкевіча.





Відэа тут.
Усе навіны


