Віцебскія актывісты смуткуюць па Ірыне Казулінай
25 лютага а 18-ай гадзіне да віцебскага амфітэатра выйшлі прадстаўнікі Руху “За Свабоду”, (НГ)БСДП, БХД, Грамады з партрэтамі Ірыны Казулінай і зваротам да Аляксандра Казуліна, якому адміністрацыя калоніі, дзе ён адбывае пакаранне, не давала дазвол на ўдзел у пахаванні жонкі.
“Паважаны Аляксандр Уладзіслававіч! Са смуткам даведаліся мы аб смерці Вашай жонкі – Ірыны Іванаўны Казулінай. Прыміце нашы самыя шчырыя спачуванні.Светлы вобраз Ірыны Іванаўны Казулінай заўсёды будзе ў нашай памяці. З пачуццямі салідарнасці,” – гаворыцца ў звароце віцебскіх дэмакратычных актывістаў.
Свечкі і плакаты прыцягнулі ўвагу міліцыянтаў. Яны праз некалькі хвілін пасля пачатку жалобнай акцыі пачалі патрабаваць, каб свечкі загасілі, а плакаты згарнулі. Кіраваў дзеяннямі міліцыянтаў намеснік начальніка Кастрычніцкага РАУСа спадар Каліноўскі. Падчас акцыі вялася аператыўная відэаздымка. Мінакі выказвалі абурэнне дзеяннямі міліцыянтаў, распытвалі ў удзельнікаў акцыі пра лёс Аляксандра Казуліна. Таксама а 18-ай гадзіне ў віцебскім касцёле Св.Барбары прайшла паніхіда па Ірыне Казулінай.
Раніцай у той жа дзень акцыю падтрымкі палітвязню правялі дэмакратычны актывіст Барыс Хамайда і актывістка Руху Алена Залеская. Каля будынку мясцовай адміністрацыі яны раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра Ірыну Казуліну. Міліцыянты затрымалі абодвух дэмакратычных актывістаў і склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. Суд павінен адбыцца 4 сакавіка.
Усе навіны

