У Жодзіне сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча ізноў здымаюць прадстаўнікі спецслужб
Сёння служба аховы дзяржаўнага прадпрыемства "Беларускі аўтамабільны завод" спрабавала перашкодзіць збору подпісаў у падтрымку вылучэння Аляксандра Мілінкевіча кандыдатам у прэзідэнты на тэрыторыі, прылеглай да будынка завода, спасылаючыся на загад адміністрацыі прадпрыемства. Толькі ўмяшальніцтва самога адзінага прэтэндэнта ад дэмакратычных сіл спрыяла спыненню свавольніцтва аховы і збор подпісаў працягнуўся.
Сёння па Жодзіне машыну Аляксандра Мілінкевіча суправаджаюць пяць машын спецслужб. Аператары ў цывільным вядуць відэаздымку размоваў Аляксандра Мілінкевіча з грамадзянамі.
Раніцай Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з вернікамі ў праваслаўнай царкве, у касцёле а таксама з прадстаўнікамі пратэстанцкай супольнасці. Апроч гэтага адзіны прэтэндэнт наведаў тры пункта па зборы подпісаў, сустрэўся з прадстаўнікамі РГА інвалідаў вайны ў Афганістане.
На працягу сённяшняга дня плануецца сустрэча А.Мілінкевіча ў Жодзінскай гімназіі № 1, сустрэчы на пунктах збору подпісаў у Барысаве, прамая лінія ў барысаўскай незалежнай газеце, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі жодзінскага і барысаўскага актыва.
Усе навіны


