English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Крымінальная справа супраць Сяргея Парсюкевіча

03/03/08

Актывіст Руху “За Свабоду” Сяргей Парсюкевіч выступіў сёння з адкрытым лістом з нагоды ўзбуджэння ў адносінах да яго крымінальнай справы.

 

У сваім лісце Сяргей Парсюкевіч тлумачыць прычыны, па якіх, на яго думку, адбылася сітуацыя, у якую ён трапіў 21 студзеня 2008 года на Акрэсціна падчас адбывання 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Нагадаем, 13 студзеня 2008 года Сяргей Парсюкевіч быў затрыманы ў Віцебску і этапаваны ў Мінск, дзе яго арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Мінску.

 

Падчас зняволення Сяргей Парсюкевіч быў жорстка збіты. Паводле інфармацыі пацярпелага, яго збіваў адзін з супрацоўнікоў Акрэсціна ў званні прапаршчыка ў адным з пакояў Акрэсціна. Сведкамі дзеянняў супрацоўніка турмы былі сямёра людзей, якія бачылі як прапаршчык, па папярэдніх дадзеных, памочнік дзяжурнага, спачатку ўдарыў Сяргея Парсюкевіча, а потым загадаў яму выйсці з камеры. Па словах Алеся Таўстыкі, аднаго са сведкаў здарэння, яшчэ ў камеры “прапаршчык паводзіў сябе вельмі нахабна і без аніякіх на тое падставаў ужыў фізічную сілу супраць Сяргея Парсюкевіча.”

 

31 студзеня па факце ўжывання супраць яго фізічнай сілы Сяргей Парсюкевіч накіраваў у пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска заяву з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу на прапаршчыка Акрэсціна за перавышэнне сваіх паўнамоцтваў.

 

Аднак, як стала вядома 2 сакавіка, зараз Сяргея Парсюкевіча выклікаюць у пракуратуру Маскоўскага раёну не ў якасці пацярпелага, а па абвінавачванні ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўніка міліцыі.

 

“У краіне пануе прававое бязмежжа, а калі трапляеш за краты, ступень гэтага бязмежжа шматкроць павялічваецца... Але з’язджаць у іншую краіну і такім чынам ратавацца ад рэпрэсіяў рэжыма я не хачу. Заўтра, 4 сакавіка, (у Дзень міліцыі) я збіраюся ісці ў пракуратуру. Шмат хто кажа мне, што я не маю рацыі, але для мяне Бацькаўшчына ёсць Бацькаўшчына, а мая Бацькаўшчына – Беларусь...” – гаворыцца ў адкрытым лісце.

 

Заўтра, 4 сакавіка, а 11-ай гадзіне Сяргей Парсюкевіч наведае пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска, куды яго выклікалі ў якасці падазраваемага па крымінальнай справе.


Усе навіны