Чарговая скарга ў ААН
Скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН на дзеянні беларускай міліцыі накіраваў пінскі актывіст Руху “За Свабоду” Канстанцін Чувак. Гэта ўжо другая скарга ў ААН на пінскую міліцыю за апошнія дні. Першая была даслана Аляксандрам Рамановічам.
Напярэдадні Дня Волі, 22 сакавіка 2007 года, Канстанціна Чувака затрымалі міліцыянты і абвінавацілі ў бруднай лаянцы. Суд Пінскага раёна прызнаў актывіста вінаватым і пакараў яго 3 суткамі адміністрацыйнага арышту. Хадайніцтва пра тое, каб інтарэсы Чувака абараняў ягоны адвакат не было задаволена судом. У сваім рашэнні суд грунтаваўся толькі на сведчаннях супрацоўнікаў міліцыі.
Сябра апазіцыйнай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Канстанцін Чувак лічыць, што яго асудзілі незаконна, каб ізаляваць на час святкавання Дня Волі 25 сакавіка. Канстанцін Чувак лічыць, што ў адносінах да яго не было праведзена справядлівае судовае разбіральніцтва, тэрмін арышту быў без усялякіх падстаў працягнуты на 5 гадзінаў, што перашкодзіла актывісту ўдзельнічаць у акцыі, прымеркаванай да 25 Сакавіка. Суд таксама праігнараваў кепскі стан ягонага здароўя падчас працэсу і адбыцця арышту.
Спадар Чувак не пагадзіўся з прысудам і спрабаваў абскардзіць рашэнне суда ў абласным судзе. Аднак, ягоныя спробы аказаліся марнымі. Наступны крок – зварот ў Камітэт ААН па правах чалавека.
У сваёй скарзе актывіст падкрэслівае, што за свае палітычныя перакананні неаднаразова быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі.
Усе навіны


