Рух за здаровы лад жыцця
Сябры Руху “За Свабоду” і аргкамітэту па стварэнні БХД у Полацку і Лепелі распачалі акцыі “За здаровы лад жыцця”.
За свае сродкі яны праводзяць шэраг мерапрыемстваў сярод моладзі рэгіёнаў. Гэта лекцыі з дэманстрацыяй відэаролікаў супраць абортаў, ужывання наркотыкаў, палення. Арганізатары акцый гатовыя падзяліцца сваімі напрацоўкамі з усімі, хто мае намер працаваць у гэтым накірунку.
– Узгаданыя сацыяльныя праблемы вельмі актуальныя для Віцебшчыны. Актывісты па ўласнай ініцыятыве зрабілі адпаведную тэматычную падборку мультымедыйных матэрыялаў, якія яны знайшлі ў інтэрнеце, падрыхтавалі кампакт-дыскі. Гэта ініцыятыва з’яўляецца працягам кампаніі БХД “Сям’я”. Па-другое, дзяржава абвясціла гэты год Годам здароўя і мы робім свой унёсак у прапаганду здаровага ладу жыцця, у межах, так бы мовіць, дзяржаўнай палітыкі, таму мы не выключаем магчымасці супрацоўніцтва ў гэтым накірунку з афіцыйнымі структурамі, – паведаміла актывістка Руху “За Свабоду” Таццяна Севярынец.
Па словах актывісткі Руху, прыклады такога супрацоўніцтва ўжо ёсць. Так, у снежні мінулага года актывіст Руху, сябра аргкамітэту па стварэнні БХД Аляксей Шашнікаў арганізаваў канцэрты супраць наркотыкаў з удзелам гурту “Клаус і Кляйн”. Яны адбыліся пры падтрымцы мясцовых уладаў.
Лекцыі і паказ відэаролікаў плануецца арганізаваць таксама ў Віцебску, у Глыбокім, на Шаркаўшчыне.
Усе навіны

