У Мастах па вечарах пачаў хадзіць аўтобус
Актывісты Руху “За Свабоду” і дэпутат Мастоўскага райсавета Зміцер Кухлей дамагліся арганізацыі дадатковага аўтобуснага рэйсу.
Пад ціскам, арганізаваным грамадскімі актывістамі, мясцовыя ўлады на выпрабавальны тэрмін запусцілі новы аўтобусны маршрут, які робіць рэйс пасля 20 гадзінаў з аўтастанцыі г. Масты ў вёску Правыя Масты і назад.
Як нам паведаміў дэпутат Мастоўскага раённага Савета Зміцер Кухлей, актывісты сабралі паўсотні подпісаў жыхароў Мастоў за тое, каб пусціць вячэрні аўтобус. Дагэтуль транспартныя зносіны паміж Мастамі і в. Правыя Масты перапыняліся ў 18.30 і тым, хто спазняўся, вяртацца з працы даводзілася пешшу, альбо на ровары.
– Мы перадалі сабраныя подпісы мясцовым уладам. Яны спачатку адмовілі выканаць просьбу жыхароў, спаслаўшыся на адсутнасць сродкаў. Я звярнуўся да мясцовых дэпутатаў, якіх абіралі жыхары Мастоў і в. Правыя Масты, каб яны ўзнялі гэтае пытанне на сесіі, а таксама паведаміў пра існуючую праблему кіраўніцтву Аўтапарка № 9, якое ў сваю чаргу даслала свой ліст у Мастоўскі райвыканкам. Нарэшце было прынятае рашэнне адкрыць на выпрабавальны тэрмін у 2 тыдні новы маршрут, які будзе курсіраваць па вечарах, – кажа Зміцер Кухлей.
Дэпутат Мастоўскага раённага Савета выказвае падзяку Аўтапарку № 9 і Мастоўскаму райвыканкаму за тое, што яны адгукнуліся на просьбы грамадзян і зрабілі захады для вырашэння транспартнай праблемы.
Усе навіны


