Горацкія актывісты падтрымалі ініцыятыву Руху “За Cвабоду”
Актывісты Горацкай антыядзернай групы прынялі заяву аб падтрымцы ініцыятывы Аляксандра Мілінкевіча па стварэнні аргкамітэта “Чарнобыльскага шляху”.
“Асноўнай мэтай нашай групы ёсць недапушчэнне парушэння бяз’ядзернага статуса Беларусі, гарнтаванага Канстытуцыяй. Таму мы падтрымліваем ініцыятыву лідэра Руху “За Свабоду” і заклікаем далучыцца да нас усіх беларускіх людзей, якія імкнуцца жыць па Закону, - гаворыцца ў заяве. - Мы бачым мэтай сёлетняга “Чарнобыльскага шляха” не толькі ўшанаванне памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы, але і гуртаванне ўсіх тых, хто намераны супрацьстаяць планам будаўніцтва на Беларусі новай АЭС. Жыве Беларусь – чыстая і вольная!”
Падчас паседжання антыядзернай групы быў таксама праведзены падлік новых подпісаў пад зваротам да кіраўніцтва краіны аб адмене рашэння пабудаваць АЭС на Беларусі. Па стане на 19 сакавіка ў Горках сабрана ўжо 1517 подпісаў. Кампанія працягваецца.
Усе навіны


