Мілінкевіч вітае актыўную грамадзянскую пазіцыю магілеўчан (дадаліся фота)
Мілінкевіч правёў сустрэчу з прадпрымальнікамі і наведвальнікамі магілёўскага рынку мікрараёну Саломенка. Лідэр Руху “За Свабоду” падтрымаў ініцыятыву па збору подпісаў супраць ліквідацыі рынка.
Пасля ранішняй сустрэчы з жыхарамі эксперыментальных “хрушчовак” Мілінкевіч правёў сустрэчу на рынку мікрараёну Саломенка.
Людзі паведамілі пра тое, што рынак збіраюцца ліквідаваць, нягледзячы на вельмі зручнае ягонае размяшчэнне для жыхароў буйнога мікрараёна. Замест рынку мясцовыя улады намераныя пабудаваць чарговы спартовы комплекс. І пакупнікі і прадаўцы абураныя, што рашэнне прымалася без уліку меркавання людзей. На рынку арганізаваны збор подпісаў супраць ліквідацыі рынка. Ужо падпісалася каля 6000 чалавек. Цяпер ужо улады вядуць размову пра перанос рынку.
– Мы ўдзячны людзям за тое, што яны дзейнічаюць як сапраўдныя грамадзяне, а не пасіўныя назіральнікі і будзем усяляк дапамагаць ім, бо гэта прыклад станаўлення грамадскай супольнасці. Калі людзі будуць дзейнічаць разам, арганізавана і узгоднена, звяртацца да сваіх дэпутатаў, выканаўчай улады, яны здолеюць адстаяць свае інтарэсы, – распавёў Аляксандр Мілінкевіч.
На думку лідэра Руху “За Свабоду”, вельмі паказальна, што пакупнікі праяўляюць салідарнасць з прадпрымальнікамі і выступаюць у іх абарону. Яны разумеюць, што дзякуючы ІП забяспечваецца шырокі асартымент адносна танных тавараў, а абсталяванне гандлёвых павільёнаў, якія хочуць знесці мясцовыя ўлады, патрабавала шмат высілкаў і выдаткаў ад прадаўцоў.




Усе навіны


