Еўропа выказала пажаданне Цэнтрвыбаркаму зарэгістраваць усіх прэтэндэнтаў
Падчас размовы з кіраўніком Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай, група Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая знаходзілася з візітам у Беларусі, выказала пажаданне зарэгістраваць усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі, якія працягваюць удзельнічаць у выбарчай кампаніі.
Парламентская асамблея АБСЕ накіруе на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь больш за 400 назіральнікаў, аднак калі ўсе прэтэндэнты не будуць зарэгістраваныя, назіранне за выбарамі не будзе мець сэнсу, заявіла сёння ў Мінску Ута Цапф, кіраўнік рабочай групы ПА АБСЕ.
- Прыедуць 400 кароткачасовых назіральнікаў, якія будуць ацэньваць сітуацыю непасрэдна перад галасаваннем, - сказала Ута Цапф.
Як паведамляе БелаПАН, спасылаючыся на словы Уты Цапф, яшчэ 14 доўгачасовых назіральнікаў распачнуць працу ў Беларусі з 6 лютага. Акрамя гэтага, назіраць за выбарамі будуць прадстаўнікі парламентаў краін, якія ўваходзяць ў Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе.
Ута Цапф падкрэсліла: для ПА АБСЕ “надзвычай важна, каб выбары праводзіліся шчыра”, адпавядалі міжнародным стандартам, а іх вынікі “былі празрыстымі”.
Група знаходзілася ў Беларусі з 30 студзеня да 1 лютага дзеля вывучэння палітычнай сітуацыі ў краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Усе навіны


