Мілінкевіч актывізаваў культурны абмен паміж раёнамі (дадаліся фота)
На час сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам улады Лельчыцаў арганізавалі канцэрт Петрыкаўскага дома культуры.
Як паведамілі людзі, што прыходзілі ў Лельчыцкі дом культуры, ля якога мела адбыцца сустрэча з лідэрам Руху “За Свабоду”, канцэрт быў арганізаваны літаральна за два дні. Квіткі былі размеркаваны сярод людзей загадзя па месцу працы. Людміла Гразнова хацела набыць квіткі на канцэрт, але ў касе сказалі, што білеты скончыліся яшчэ ўчора.
Жыхары Лельчыцаў, што ішлі на канцэрт, пазнавалі Аляксандра Мілінкевіча, аднак на ганку Дома культуры стаяла кіраўніцтва райвыканкама, міліцыянты, чалавек у цывільным здымаў ўсё на камеру, і людзі, відавочна, баяліся загаварыць.
– Нам вельмі прыемна, што ўвесь раён рыхтаваўся да нашай сустрэчы, што яны не проста трактары прыгналі, а арганізавалі вось такое культурнае мерапрыемства. Гэта значыць, жыццё развіваецца таксама і дзякуючы нашым паездкам, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. – А вынік ад гэтай “несустрэчы” таксама ёсць, бо людзі бачаць, што мы не баімся прыязджаць, і будуць гаварыць пра гэта не адзін дзень.
Аляксандр Мілінкевіч паведаміў, што людзі ў размовах гавораць пра бездапаможнасць перад уладамі, пра карупцыю, якая ўсё больш узрастае. “Але важна і тое, што людзі хочуць працаваць, яны хочуць зарабляць самі, а не чакаюць падарункаў ад ўлады”.




Усе навіны


