Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

“Чарнобыльскі шлях” павінен даць старт агульнанацыянальнай кампаніі (фота)

31/03/08

Удзельнікі паседжання аргкамітэту па падрыхтоўцы “Чарнобыльскага шляху” сышліся на тым, што ў грамадстве неабходна ініцыяваць публічнае абмеркаванне пытання пабудовы беларускай АЭС.

 

На паседжанні, якое адбылося на сядзібе Партыі БНФ прысутнічалі ініцыятар стварэння аргкамітэту Аляксандр Мілінкевіч, намеснікі ПБНФ Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч, намеснік кіраўніка Руху “За Свабоду” Віктар Карнеенка, кіраўнік БСДП Анатоль Ляўковіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, актывіст “Маладых дэмакратаў” Міхась Пашкевіч, а таксама прадстаўнікі ПКБ, грамадскіх арганізацый, якія абараняюць інтарэсы пацярпелых ад аварыі на ЧаАЭС.

 

Падчас сустрэчы абмяркавалі прапановы пра месца збору, час і маршрут шэсця, фармат акцыі, пачалі складаць спіс асобаў, якія будуць падпісвацца пад заяўкай у Мінгарвыканкам, а таксама разглядалі канкрэтныя дзеянні грамадска-палітычных утварэнняў па арганізацыі “Чарнобыльскага шляху”.

На думку удзельнікаў паседжання “Чарнобыльскі шлях” павінен стаць пачаткам кампаніі за захаванне здароўя нацыі.

 

– Пад час кампаніі важна надаваць вялікую ўвагу страце “чарнобыльцамі” льгот, катастрафічнаму стану сённяшняй дзяржаўнай медыцыны, патрабаваць ад уладаў адмовы ад будаўніцтва АЭС, – лічыць Аляксандр Мілінкевіч.

 

На думку лідэра Руху “За Свабоду” вельмі важна, што ўсе удзельнікі сустрэчы выступаюць за публічнае абмеркаванне пытання пабудовы АЭС у Беларусі.

 

– Нягледзячы на розныя меркаванні, мы за дыялог, грамадскую дыскусію па праблеме будаўніцтва атамнай станцыі. У гэтым мы адзіныя, – адзначае палітык.

 

Вырашана паўторна сабрацца ў чацвер а 10 гадзіне, каб агучыць канкрэтныя прапановы ад усіх сяброў аргкамітэта.

 

 

 


Усе навіны