Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Брэсцкія актывісты патрабуюць вызвалення Андрэя Кіма

01/04/08

Брэсцкія актывісты і прыхільнікі Руху “За Свабоду” накіравалі ў суд Цэнтральнага раёна Мінска заявы з патрабаваннем вызваліць Андрэя Кіма.

 

- Актывісты лічаць, што ў адносінах да А.Кіма парушана яго права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, - паведаміў праваабаронца Раман Кісляк. – А менавіта, права пасля арышту ў тэрміновым парадку паўстаць перад суддзёй і мець права на судзебнае разбіральніцтва на працягу разумнага тэрміна ці на вызваленне.

 

Як звяртаюць увагу ў сваіх заявах актывісты, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў сферы правоў чалавека, рашэнне пра арышт грамадзяніна павінен прымаць суддзя.

 

- Разам з тым з моманту арышта па крымінальным абвінавачанні (31студзеня 2008 года) па дзень адпраўкі заяваў (31 сакавіка 2008 года), значыць, на працягу 60 дзён, Андрэя Кіма не дастаўлялі ў тэрміновым парадку да суддзі, як таго патрабуе пункт 3 артыкула міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, – заявіў праваабаронца.

 

Як ён адзначыў, 31 сакавіка гэтыя ж актывісты накіравалі заяву старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі аб спыненні практыкі парушэнняў права на дастаўку ў тэрміновым парадку да суддзі асобаў, затрыманых ці арыштаваных па крымінальным абвінавачанні, прадугледжанага артыкулам 9 Пакта.

 

Як удакладніў праваабаронца Раман Кісляк, супрацоўнікі канцылярыі суда Цэнтральнага раёна Мінска ў тэлефоннай размове пацвердзілі атрыманне заяў і паведамілі, што яны перададзены суддзі, які будзе разглядаць крымінальную справу ў адносінах да А.Кіма.

 

- Дадзеныя дзеянні з’яўляюцца часткай пачатай кампаніі па спыненні фактаў, калі чалавека на аснове пастановы следчага ці дазнавальніка падвяргаюць арышту, санкцыянаванаму пракурорам, - заявіў праваабаронца.

 

Нагадаем, А.Кім быў затрыманы 21 студзеня за ўдзел у акцыі пратэста прадпрымальнікаў у Мінску. 31 студзеня ён павінен быў выйсці на свабоду пасля 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту, але не быў вызвалены. У адносінах да А.Кіма 24 студзеня была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі). 31 студзеня актывіста апазіцыі адвезлі на допыт у пракуратуруЦэнтральнага раёна Мінска, а потым арыштавалі. 3 сакавіка крымінальная справа ў адносінах да Андрэя Кіма была перададзена ў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Сёння праходзіць судовае паседжанне.


Усе навіны