Кіма будуць судзіць разам з паплечнікамі (дадаліся фота)
Крымінальныя справы, распачатыя ў дачыненні да Андрэя Кіма, аб’ядналі ў адну. Калі адбудзецца яе разгляд, стане вядома ў хуткім часе.
Хадайніцтва адвакаткі пра вызваленне моладзевага актывіста да суда пад заклад засталося незадаволеным. Андрэй Кім застанецца ў СІЗА на Валадарскага.
Падтрымаць Андрэя Кіма прыйшлі праваабаронцы, паплечнікі, палітыкі, сярод якіх Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец ды іншыя. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі амерыканскай, французскай амбасад і АБСЕ.
Тым часам моладзевыя актывісты насупраць вокнаў суда Цэнтральнага раёна зладзілі акцыю падтрымкі Андрэя Кіма. Яны разгарнулі расцяжку "Свабоду Андрэю Кіму". Кожны з удзельнікаў ланцуга трымаў партрэт палітвязня. Моладзь скандавала “Жыве Беларусь!”, “Свабоду Кіму!”. Хутка да актывістаў падбеглі амонаўцы. Яны з ужываннем сілы адцяснілі ўдзельнікаў акцыі ў бок стадыёна “Дынама”.
У судовай залі прысутнічалі людзі з саколкамі, на якіх было напісана "Свабоду Андрэю!" Калі Андрэя Кіма выводзілі з залі суда, прысутныя яго падтрымалі апладысментамі.
Нагадаем, Андрэй Кім быў затрыманы 21 студзеня за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў і арыштаваны на 10 сутак. Але пасля арышту ён быў змешчаны ў СІЗА, бо супраць яго была распачата крымінальная справа. Хлопца вінавацяць па артыкуле “Гвалт ці пагроза ўчынення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі ў мэтах замінання яго законнай дзейнасці”. Андрэй Кім таксама праходзіць у якасці абвінавачанага па крымінальнай справе за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Мінску.


Іншыя фота з акцыі падтрымкі Андрэя Кіма перад будынкам суда глядзіце тут
Усе навіны


