Атамная электрастанцыя – пагроза незалежнасці Беларусі
Рух “За свабоду” правёў панэльную дыскусію на тэму “Сучасны стан і перспектывы развіцця беларуска-расейскіх адносінаў”. Свае меркаванні выклалі палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч, Андрэй Ляховіч, Дзяніс Мельянцоў, Віталь Сіліцкі і эканаміст Аляксандр Чубрык.
Інтарэс рэжыму Лукашэнкі ў беларуска-расейскіх адносінах
Удзельнікі дыскусіі маюць згоду ў тым, што мэтай адміністрацыі Лукашэнкі ў беларуска-расейскіх адносінах з’яўляецца навязванне Расіі такой мадэлі адносінаў, пры якой Масква плаціла б добрую цану за выкананне Беларуссю ролі стратэгічнага саюзніка, “шчыта” і “фарпосту” на заходнім кірунку, не патрабуючы ад саюзніка стаць васалам.
Незалежнасць Беларусі азначае адпаведны высокі статус Лукашэнкі і статус прадстаўнікоў вялікай групы – улады. Яны манапольна кантралююць беларускі рынак. У перыяд павольнай “намэнклатурнай прыватызацыі” дэмакратызацыя беларускага грамадства, прыход у Беларусь заходняга бізнэсу супярэчаць іх інтарэсам: яны не адчуваюць сябе падрыхтаванымі да з’яўлення на беларускім рынку моцных канкурэнтаў і да дзейнасці па іншых, не імі вызначаных правілах. Яны разумеюць, што і пры роўных умовах з законапаслухмянымі, так бы мовіць, “цывілізаванымі” партнёрамі – заходнім бізнэсам, яны не канкурэнтаздольныя.
І зусім не адпавядае іх інтарэсам з’яўленне ў Беларусі расійскага бізнэсу. Яны разумеюць, што пры ўзмацненні эканамічнай прысутнасці Расіі ў Беларусі дыктаваць правілы тут будзе ўжо расійскі бізнэс, дакладней, дамінуючая ў Расіі бізнэс-палітычная група.
Інтарэс афіцыйнай Масквы
Удзельнікі дыскусіі адзначылі, што няма пагрозы статусу Беларусі як краіны. Расія не мае планаў інкарпарацыі Беларусі, таму што ў Крамлі вельмі добра разумеюць, што ўключэнне Беларусі ў склад Расіі будзе мець вялікія негатыўныя наступствы для развіцця адносінаў як з Захадам, так і з былымі краінамі Савецкага Саюза – краінамі СНД. Да таго ж уключэнне цяжка рэалізаваць і замацаваць, улічваючы негатыўнае стаўленне беларускага грамадства да палітычнай інтэграцыі з Расіяй.
Але існуе пагроза незалежнасці Беларусі. Расія хоча надзейна прывязаць да сябе Беларусь, зрабіць беларускае кіраўніцтва сваёй марыянеткай.
Галоўнае значэнне для палітыкі Расеіі адносна Беларусі маюць геапалітычныя інтарэсы. Расія імкнецца стварыць надзейныя, незалежныя ад волі Лукашэнкі ці іншага кіраўніка Беларусі, гарантыі выканання Беларуссю ролі стратэгічнага саюзніка Расіі, “шчыта” і “фарпосту” на заходнім кірунку.
Крокі фармавання і ўзмацнення залежнасці ад Расіі
Удзельнікі дыскусіі былі згодныя з меркаваннем Валера Карбалевіча: “Галоўны фактар пагрозы незалежнасці Беларусі, гэта будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Відавочна на 95-99%, што будаваць станцыю будзе Расія. Адсюль вынікае шэраг наступстваў, шэраг механізмаў залежнасці. Па-першае, у Беларусі няма дастаткова грошаў, каб пабудаваць станцыю. І наўрад ці такія грошы ў Беларусі з’явяцца. Таму што лічба 8 мільярдаў даляраў – гэта далёка не ўсё. Трэба гэту лічбу памнажаць на два ці больш. Гэта кошт толькі будаўніцтва станцыі. А колькі будзе каштаваць будаўніцтва інфраструктуры? Трэба будзе будаваць новы горад – для персаналу. Колькі будзе каштаваць падрыхтоўка кадраў? Грошы – гэта сама па сабе вялікая праблема. Трэба будзе браць у Расіі крэдыты. Гэта створыць вялікую фінансавую залежнасць ад Расіі на доўгія гады. Гэта расійскія рэактары. Гэта расійскія спецыялісты. Гэта праблема адкідаў. Фактычна, калі Беларусь пачне будаваць атамную станцыю, то гэта нават большая залежнасць ад Расіі, чым нават уводзіны расійскага рубля ў якасці грашовай адзінкі ў Беларусі. Пасля гэтага пазбавіцца залежнасці ад Расіі будзе вельмі цяжка. І тады падвісне пытанне аб беларускім суверэнітэце”.
Андрэй Ляховіч адзначыў: “Расія імкнецца надзейна прывязаць да сябе Беларусь праз яшчэ некалькі крокаў. Першы крок – пакупка расійскімі кампаніямі кантрольных пакетаў акцыяў “сістэмастваральных” беларускіх прадпрыемстваў. Другі крок – аб’яднанне грашовых сістэмаў. Трэці – падпісанне Канстытуцыйнага Акту “Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі”, згодна з якім органы “Саюзнай краіны”, сфармаваныя з перавагай расійскага боку, атрымалі бы рэальныя вагары ўплыву на палітычны працэс у Беларусі. Чацвёрты – стварэнне юрыдычнай базы ваеннай інтэграцыі, якая прадугледжвала б магчымасці пашырэння расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі. Пакуль Расія не прасунулася нават у першым пытанні – пакупкі прадпрыемстваў”.
На думку Віталя Сіліцкага: “Магчымы дастаткова кардынальны перагляд Расіяй не сутнасці адносінаў з Беларусяй, а формы гэтых адносінаў. Пад час прэзідэнцтва Мядзведзева магчымае фармальнае скасаванне саюзнай беларуска-расійскай дзяржавы, перавод адносінаў на нейкі эканамічны саюз, пры захаванні геапалітычнага і эканамічнага кантролю. Праз прасоўванне праекту будаўніцтва АЭС. Праз прасоўванне расейскіх інвестыцыяў. Запавольванне развіцця нацыянальнай кансалідацыі, нацыянальнай самасвядомасці ў Беларусі будзе такой жа па значнасці мэтай дзеянняў Расіі, як і мэта максімальнага прасоўвання расійскіх інвестыцыяў. “Тое, што не зрабіў расійскі штых, зробіць расійская школа,” – гэтыя словы застаюцца актуальнымі для Расіі. “Расійскі штых” – расійскія ракеты, яны баяцца даваць Лукашэнку. Але астатняе – гэта праект расійскай палітыкі адносна Беларусі”.
Цана на газ у 2009 г.
Удзельнікі дыскусіі адзначылі, што ў наступным, 2009 г. магчымыя два варыянты развіцця адносінаў з Расіяй у “газавым” пытанні. Гаворка ідзе а дзвюх варыянтах працягу падтрымкі: ці асноўны груз эканамічнай падтрымкі будзе несці, як і раней, “Газпрам”, ці гэты груз будзе перакладзены на расійскі бюджэт.
Першы варыянт. Павелічэнне цаны на расійскі газ для Беларусі да 200 даляраў ЗША. Такі варыянт будзе азначаць, што асноўны груз эканамічнай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі будзе несці ўжо не “Газпрам”, а расійскі бюджэт.
Дзяніс Мельянцоў адзначыў: “Беларусь важная для Расеі перад усім у іміджэвым плане, таму што Беларусь паказвае зараз расійцам, што хтосьці хоча быць з імі побач. Беларусь для Расіі – апошні саюзнік. Губляць яго была б у меншай меры неразумна. Таму хутчэй за ўсе будзе існаваць сітуацыя, пры якой валіць эканоміку Беларусі ніхто не будзе. Гэта Расіі не патрэбна. Некалькі мільярдаў ускоснай падтрымкі – гэта для Расіі невялікія грошы. А вось прамая эканамічная падтрымка хутка скончыцца. Кошты на газ будуць расці. “Газпрам” зацікаўлены прадаваць газ тым, хто больш заплоціць і прыніжаць запыты такіх краінаў, як Беларусь. Гэта не значыць, што кошты будуць такія ж, як у Еўропе, але будуць падвышацца”.
Другі варыянт. Груз эканамічнай падтрымкі будзе несці, як і раней, “Газпрам”.
Паводле меркавання Аляксандра Чубрыка: “Што будзе калі Расія выставіць кошт 200 даляраў? Калі ў 2007 г. у вельмі ільготных умовах Беларусь узяла крэдытаў на 6 мільярдаў, то значыць, што калі кошт будзе падвышаны на 100 даляраў, Беларусі спыняць пазычаць грошы. Тады эканоміка проста пакладзецца, бо іншых крыніцаў інвестыцыяў няма: няма грошаў у бюджэце, няма грошаў у банкаў, няма грошаў у прадпрыемстваў. Расія ведае, што тады Беларусь будзе вымушаная пайсці на дэвальвацыю, тут будзе крах фінансавай сістэмы. На пэўны час устануць прадпрыемствы. І Беларусь проста не будзе ў стане купляць расійскі газ. Навошта Расіі сітуацыя, калі беларуская эканоміка пакладзецца? Якую праблему так Расія вырашыць? Першае, што будзе рабіць Беларусь, гэта скрадаць расейскі газ. Таму з пазіцыяй “Газпраму” адносна Беларусі неясна. Зараз мы бачым, што ў “Газпраму” зноў нічога не атрымалася з Украінай. Колькі разоў яны ўжо спрабавалі перакрыць газ Украіне, а потым зноў аднаўлялі пастаўкі. Тое самае была і адносна Беларусі. Спачатку аднаўлялі пастаўкі газу, а потым аб нечым дамаўляліся. Цяжка казаць, якімі тэмпамі будуць падвышаць кошты на газ для Беларусі. Я думаю, што падвышэнне будзе усё ж такі прывязанае не да еўрапейскіх, а да ўнутраных расейскіх коштаў”.
На думку экспертаў, якія удзельнічалі ў дыскусіі, выключаная верагоднасць спынення эканамічнай падтрымкі з боку Расіі. Існуе верагоднасць змяншэння гэтай падтрымкі да некрытычнага ўзроўню і змены формы падтрымкі.
Усе навіны

