Абвастрэнне экалагічнай праблемы ў Чашніках
Актывісты Руху “За Свабоду” з Чашнікаў распачалі кампанію за чысціню мясцовых рэк і азёр.
У Чашніках (Віцебская вобласць) ёсць комплекс па адкорму буйнарагатай жывёлы. Гной з яго сцякае ў два возеры і дзве рэчкі: Лукомку і Ўсвейку. Неаднаразовыя скаргі мясцовых жыхароў у райвыканкам карысці не далі. У азёрах і рэчках Чашнікаў людзі перасталі купацца, бо яны моцна забрудзіліся.
Мясцовыя актывісты “Руху “За Свабоду” распачалі кампанію па выратаванні Чашніцкіх вадаёмаў. Яны распаўсюджваюць сярод насельніцтва раёна інфармацыю аб экалагічнай праблеме, рыхтуюць звароты ў розныя інстанцыі, звяртаюць увагу на праблему экалагічных службаў горада.
У мінулым годзе мясцовыя ўлады арганізавалі на беразе ракі Лукомка гарадскую звалку. Актывістам Руху ўдалося актывізаваць народ супраць падобнага ўчынку і звалку ліквідавалі. “Мы спадзяемся, што ў нас атрымаецца абараніць нашы рэчкі азёры і гэтым разам”,– адзначыла актывістка Руху Таццяна Севярынец.
Усе навіны


