Гарадоцкім актывістам не дазволілі пікет
Сваю адмову чыноўнікі матывуюць тым, што такога паняцця, як пікет, няма ў беларускім заканадаўстве. Ёсць толькі “пікетаванне”.
Намесніца старшыні райвыканкама Н. Бурунова адмовіла мясцовым актывістам у просьбе правесці пікет у абарону звольненага за палітычную дзейнасць старшыню Гарадоцкай суполкі ПБНФ, актывіста Руху “За Свабоду”, працаўніка ГРУП ЖКГ “Гарадок” Леаніда Аўтухова.
У адказе чыноўніцы гаворыцца, што “Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” такі від масавага мерапрыемства, як пікет, не прадугледжаны. Гэтым Законам прадугледжаны наступныя віды мерапрыемстваў: сход, мітынг, вулічнае шэсце, дэманстрацыя, пікетаванне і іншыя масавыя мерапрыемствы культурнага, спартыўнага значэння”.
Дэмакратычныя актывісты Гарадка рыхтуюць паўторны зварот да мясцовай адміністрацыі з просьбай правесці 23-24 красавіка менавіта “пікетаванне”. Пад час мерапрыемства актывісты плануюць распаўсюджваць інфармацыю пра звальненне Леаніда Аўтухова, патрабваць яго аднаўлення на працы і выступаць супраць кантрактная сістэмы, як сродка барацьбы з іншадумствам.
Адказ райвыканкама тут
Усе навіны


