Суд над Кацярынай Салаўёвай (дадаліся фота)
Актывістку Маладога фронту абвінавачваюць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пракурор патрабуе пакараць Кацярыну штрафам у памеры 200 базавых велічынь.
Перад пачаткам працэсу каля будынка Полацкага гарадскога суда сабралася каля 70 чалавек.
Падтрымаць Кацярыну Салаўёву, акрамя бацькоў, прыйшлі лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Іна Кулей, юрыстка і актывістка Руху Эніра Браніцкая, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч, прадстаўнік амерыканскай амбасады Луіс Крышак. Да будынка суда прыйшлі таксама палітыкі Мікола Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык, моладзевыя актывісты.
Абараняе інтарэсы Кацярыны Салаўёвай у судзе адвакат Аляксандр Галіеў.
Абвінавачванне грунтавалася на знойдзеных падчас ператрусу газетах, дзе быў пазначаны тэлефон Кацярыны і напісана, што яна з’яўляецца актывісткай Маладога Фронту.
У судзе Кацярына прызнала, што з’яўляецца сябрам Маладога Фронту, але яна не бачыць у гэтым ніякага злачынства. Актывістка распавяла суду пра мэты і задачы МФ, пра тое, што дзейнасць арганізацыі накіравана найперш на нацыянальнае адраджэнне.
– На маёй памяці, гэта самы буйны штраф, якім хочуць пакараць дэмакратычнага актывіста, – заўважае юрыстка Камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” і актывістка Руху Эніра Браніцкая.
Моладзь зладзіла пад вокнамі суду пікет падтрымкі Кацярыны Салаўёвай. Актывісты скандзіравалі: "Моладзі Свабоду!”, “Верым! Можам! Пераможам!”.
Спецназ перапыніў акцыю. Быў затрыманы Аляксей Янушэўскі. Астатніх адбілі прысутныя каля будынка суда людзі.
Суддзя абвесціў перапынак у паседжанні. Прысуд будзе абвешчаны ў 17.30.




Усе навіны

