Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Зварот Аляксандра Мілінкевіча з нагоды "Чарнобыльскага шляху - 2008"

10/04/08

Самая буйная тэхнагенная катастрофа ХХ–га стагоддзя загубіла тысячы людзей і нанесла непапраўную шкоду здароўю беларусаў, украінцаў і расейцаў. Пятая частка нашай лепшай тэрыторыі забруджана радыяцыяй і на стагоддзі стала небяспечнай для людзей.


26 красавіка – гэта Дзень смутку беларускага народа.


Дагэтуль мы не ведаем усёй праўды: колькі чарнобыльцаў памерла, а колькі пацярпела ад радыяцыі. Прафесар Бандажэўскі, які стаяў за тое, каб людзі ведалі праўду пра Чарнобыль, быў спачатку асуджаны, а потым змушаны з’ехаць з краіны.


Як у савецкія часы, людзі не маюць сёння доступу да важнай інфармацыі, якая звязана з галоўным – бяспекай іх жыцця і здароўя. Больш за тое, іх пачалі падманваць, сцвярджаючы, што забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі можна выкарыстоўваць ў сельскай гаспадарцы. Пры гэтым беларускія стандарты чысціні прадукцыі на парадкі ніжэй за агульнаеўрапейскія.


Трэба спыніць падобную злачынную практыку. Мы не хочам, каб дзеці нашых дзяцей адчулі Чарнобыль і на сваім здароўе. Палітыка ўлады, якая не клапоціцца пра здароўе сваіх грамадзян – антынародная і амаральная. Амаральным ёсць рашэнне ўраду, які пазбаўляе ільготаў перасяленцаў, інвалідаў і ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС.


26 красавіка – гэта і Дзень напаміну пра небясьпеку “мірнага атама”.


Атам заўсёды небяспечны для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя асабліва ў недэмакратычных дзяржавах, дзе няма празрыстасці і доступу да праўдзівай інфармацыі.


Рашэнне пра будаўніцтва АЭС ў Беларусі без абнародаванай навуковай экспертызы і без грамадскай дыскусіі нясе пагрозу для беларусаў і для нашых суседзяў. Заклікаю ўсіх суграмадзянаў выйсці ў гэты дзень на Чарнобыльскі Шлях, каб сказаць:


НЕ адмене сацыяльных гарантыяў пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС!


НЕ будаўніцтву АЭС!


НЕ закрытасці інфармацыі пра ўплыў радыяцыі на чалавека і прыроду!


НЕ сельгасвытворчасці на забруджаных землях!


Усе навіны