Ціск на актывістаў набывае вар’яцкія формы
Актывісту Руху “За Свабоду”, сябру Партыі БНФ Уладзіміру Казека з Драгічына ўначы спалілі машыну, абвінавацілі ў скраданні накладных і палявалі за ім 2 дні напярэдадні Дня Волі.
– Уначы з 8 на 9 сакавіка ў маім гаражы спілавалі замок і цалкам спалілі машыну. Я звярнуўся ў міліцыю. Па гэтым факце ўжо ўзбуджана крымінальная справа, але пакуль нічога не знайшлі. Праз знаёмых мне перадалі, што гэта справа рук спецслужбаў. Што такія формы ціску будуць працягвацца, калі я буду надалей займацца палітыкай і не адмоўлюся ад планаў удзельнічаць у восеньскіх парламенцкіх выбарах, – распавядае спадар Уладзімір.

Спадар Уладзімір займаецца пчалярствам і актыўна супрацоўнічае з фірмай “Інвет”, якая гандлюе мёдам. Днямі супрацоўнікі прадпрыемства патэлефанавалі спадару Казеку і паведамілі, што за супрацоўніцтва з ім (правяраючыя далі гэта зразумець) галоўнага бухгалтара аштрафавалі на 30 мільёнаў рублёў (за тое, што дазволілі Казеку нібыта “скрасці накладныя”). Фірма лічыць пакаранне абсурдным і збіраецца яго абскарджваць.
Драгічынскія міліцыянты пільна адсочваюць жыццё беларускіх апазіцыянераў. 22 сакавіка на мабільны тэлефон Уладзіміра Казекі, зарэгістраваны, між іншым, на другога чалавека, патэлефанаваў начальнік Драгічынскага крымінальнага вышуку спадар Петраеў і прасіў яго прыехаць РАУС 23 сакавіка.
– Я зразумеў, што мяне хочуць “закрыць” напярэдадні Дня Волі (так бывала раней) і вырашыў не ісці ў міліцыю. Мне паведамілі, што мяне шукалі па розных адрасах і ў сваякоў. Пасля 25 сакавіка інтарэс да мяне ў супрацоўнікаў міліцыі раптам знік, – распавядае Уладзімір Казека.
Усе навіны

