Моладзь Брэста прыняла ўдзел у турніры па міні-футболе
На міжнародным беларуска-польска-украінскім турніры па міні-футболе брэсцкая каманда "Пагоня" заняла 4-е месца.
Турнір, удзел у якім бралі каманды моладзевых арганізацый з Брэстчыны, Валыні, і Любліншчыны праходзіў 12-13 красавіка ў Луцку. Брэст прадстаўляла "Пагоня" - зборная каманда актывістаў Руху "За Свабоду", Партыі БНФ, "Дзедзіча" і шэрагу іншых арганізацый горада.
У першы дзень спаборніцтваў "Пагоня" выступіла упэўнена, выйграла ўсе матчы і выйшла ў фінальную частку турніра. У гульнях за прызавыя месцы "Пагоні" супрацьстаялі моцныя супернікі. Сказалася стомленасць брэстчанаў ад першага дня, і як вынік - пачэснае 4 месца. А пераможцам стала каманда "Перетворення" суполкі пратэстантаў Луцка.
Па словах капітана "Пагоні", старшыні Брэсцкай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Яўгена Бяласіна, паездка на турнір прынесла плён не толькі ў спартыўным плане: “Падчас візіту мы правялі шэраг сустрэч з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, палітычных партый, мясцовых уладаў Луцка. Гутаркі вяліся пра магчымасць правядзення супольных культурніцкіх, спартыўных і грамадскіх мерапрыемстваў. Упэўнены, што пасля гэтага турніру кантакты паміж дэмакратычнымі арганізацыямі нашых рэгіёнаў стануць больш шчыльнымі”.
Турнір быў арганізаваны аддзелам па справах сям'і і моладзі Луцкай гарадской рады.
Усе навіны


