Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Пачаўся "працэс чатырнаццаці” (дадаліся фота)

16/04/08

У судзе Цэнтральнага раёну Мінску пачаўся працэс па крымінальнай справе, узбуджанай супраць 14 удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня.


На лаве падсудных Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімер Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхаіл Крываў і Тацяна Цішкевіч і Андрэй Кім. Яшчэ чацвёра чалавек (Аляксандр Баразенка, Павал Вінаградаў, Міхаіл Субач і непаўнагадовы Максім Дашук) не паспелі азнаёміцца з матэрыяламі справы, і працэс над імі перанеслі. 

 

Маладым людзям прад’яўлена абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”). Ім пагражае да шасці гадоў зняволення. Андрэая Кіма абвінавачваюць таксама па арт. 364 КК. Яму ставіцца у віну нібыта збіццё супрацоўніка ДАІ на мітынгу 21 студзеня. Ніхто сваёй віны па 342 артыкуле не прызнаў.

 

Да будынку суда, каб падтрымаць маладых людзей, прыйшлі Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Лявон Баршчэўскі ды іншыя палітыкі,  а таксама прадпрымальнікі, праваабаронцы, актывісты. Каля будынку суда жанчыны арганізавалі напісанне нацыянальнай дыктоўкі. У памяшканні суда прысутнічаюць сваякі падсудных, дыпламаты амерыканскай, французскай, чэшскай амбасад, прадстаўнік АБСЕ, амбасадар Славаччыны, журналісты, а таксама Аляксандр Мілінкевіч і Іна Кулей. Нягледзячы на тое, што зала судовых пасяджэнняў не была запоўнена, іншых людзей туды не пусцілі, а на ганку будынку суда выставілі спецназ.


Працэс вядзе суддзя Алена Ільіна, якая 2 тыдні таму аб’яднала 2 крымінальных справы Андрэя Кіма ў адну, але адхіліла хадайніцтва адваката аб змяненні меры стрымання Андрэю Кіму на падпіску аб нявыездзе.


Абвінавачаныя сёння заявілі хадайніцтва пра тое, каб працэс вёўся па-беларуску, аднак суддзя пакінула хадайніцтва без задавальнення. Яна палічыла, што гэта толькі зацягне працэс.


На подступах да суда стаяць людзі ў цывільным, якія праводзяць дагляд рэчаў у жадаючых трапіць на працэс. Людзей з саколкамі з надпісам “Люблю Беларусь!”, а таксама журналістаў з фотаапаратамі не пускаюць у будынак.


Актывісты Маладога фронту зладзілі акцыю падтрымкі каля будынку суда. Яны сталі ў жывы ланцуг і трымалі партрэты чатырнаццаці маладзёнаў, над якімі распачаты палітычны працэс. Спецназ папярэдзіў пра недапушчальнасць пікетавання і праз некаторы час адцясніў пратэстуючых ажно да вуліцы Аранская.

 

 

 

 

 

 

Астатнія фота тут


Усе навіны