Чацвёрты дзень “Працэсу чатырнаццаці”
Пракурор патрабуе для Андрэя Кіма 2 гады калоніі.
Для астатніх фігурантаў справы пракурор Рамашэўскі запатрабаваў пакаранне ад 2 да 2,5 гадоў “хіміі”, а таксама кампенсацыю стратаў у 12 мільёнаў рублёў, якія нібыта панесла жыллёва-камунальная гаспадарка сталіцы.
Як паведаміла з залі суда юрыст Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Эніра Браніцкая, адвакаты Аляксандар Галіеў і Тамара Сідарэнка ў сваіх выступах настойваюць на тым, што віна моладзевых актывістаў не даказана. Паводле словаў сп. Галіева, “улады імкнуцца запалохаць моладзь, але гэта ў іх не атрымаецца”. Спадарыня Сідарэнка звярнула ўвагу, што абвінавачванне Кіма будуецца толькі на 5 хвілінах відэа, тады як некалькі гадзінаў відэаматэрыялаў не фіксуюць удзел Андрэя ў акцыі. Паказанні сведкаў, на думку адвакаткі, таксама не даказваюць актыўнага ўдзелу Кіма ў акцыі. Адвакат выказала абгрунтаванае меркаванне, што міліцыяй праводзіліся затрыманні канкрэтных актывістаў па камандзе супрацоўнікаў спецслужбаў, а не за здзяйсненні правапарушэнняў.
Што тычыць абвінавачвання Кіма па артыкуле 364 КК (“гвалт у адносінах да супрацоўніка міліцыі”), сведкі і міліцыянты, па словах адвакаткі, даюць супярэчлівыя паказанні пра час здзяйснення злачынства. Паводле некаторых рапартаў міліцыянтаў, Андрэй Кім падчас “здзяйснення злачынства” ужо быў затрыманы. Відэаматэрыялы яскрава сведчаць, што намеру ў моладзевага актывіста наўмысна ўдарыць міліцыянта не было і блізка.
Усе навіны


