Суд над Парсюкевічам (дадаліся фота)
Падчас паседжання па справе Сяргея Парсюкевіча з зала суда былі выдалены два журналісты, а таксама жонка Сяргея Парсюкевіча, якія нібыта парушалі парадак правядзення паседжанні.
А 12 гадзіне ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаліся слуханні па справе актывіста Руху “За Свабоду”, лідэра віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргея Парсюкевіча. Яго інтарэсы ў судзе прадстаўляе адвакат Вера Страмкоўская. На судзе прысутнічае лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, амбасадары еўрапейскіх краін, прадстаўнікі АБСЕ.
На судзе былі заслуханы сведкі з боку міліцыі і абвінавачаны. Сяргей Парсюкевіч заявіў, што супрацоўнікі Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў сфабрыкавалі справу, каб пазбегнуць адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое праявілася ва ўжыванні гвалту супраць яго падчас адбыцця арышту на Акрэсціна.
Слуханні па справе працягнуцца заўтра а 12 гадзіне.
Нагадаем, актывісту Руху "За Свабоду" Сяргею Парсюкевічу пракуратура высунула абвінавачанне па артыкуле 364 КК РБ (“гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі”). Сяргея Парсюкевіча абвінавачваюць у тым, што ён нібыта збіў ахоўніка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў Мінска прапаршчыка А. Дулуба, падчас адбыцця пакарання за актыўны ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Аднак факты і паказанні людзей сведчаць пра тое, што пацярпелым ад гвалту міліцыянтаў падчас інцыдэнту насамрэч быў Сяргей Парсюкевіч. З 3 сакавіка Сяргея затрымалі на на час следства, якое вядзе пракурор Разанка. Да гэтай пары ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы.



Усе навіны

