Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Чарнобыльскі Шлях - 2008 (дадаліся фота)

26/04/08

З нагоды 22-ой гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС ў Мінску праходзіць традыцыйнае жалобнае шэсце “Чарнобыльскі шлях-2008”.

 

17.00 Удзельнікі шляху запалілі свечкі, пакінулі каля капліцы кветкі і разышліся. Пасля шэсця міліцыянты затрымалі актывіста Руху "За Свабоду" з Клецка Сяргея Панамарова і яшчэ некалькі актывістаў. Пасля размовы і высвятлення асоб іх адпусцілі.

 

16.45 Актывісты Руху "За Свабоду" выпусцілі ў неба балонікі з сімволікай Чарнобыльскага шляху з прымацаваным да іх транспарантам "Не АЭС".

 

16.33 Як паведамляе радыё Рацыя, Віктар Карняенка заклікаў запаліць свечкі крыху ўбаку ад храма-помніка ў гонар іконы Божай Маці “Спатоленне загінулых”. У храме і ля яго шмат вернікаў, а таксама здымачная група БТ. Карняенка патлумачыў сваю просьбу жаданнем не перашкаджаць вернікам і пазбегнуць магчымых правакацыяў.

 

16.20 Калона падыйшла да царквы і спынілася з боку парку. Ля парка група актывістаў Руху "За Свабоду" была акружана супрацоўнікамі міліцыі, якія забралі сцягі Руху.

 

16.00 У калоне, што зараз рухаецца паўз універсам “Рыга”, ідуць Лявон Баршчэўскі, Віктар Карняенка, Ігар Рынкевіч, Павал Севярынец. Усё праходзіць спакойна, - паведамляе радыё Рацыя.

 

15.20 Калона з дзвюх тысяч чалавек дайшла да скрыжавання вуліц Сурганава і Якуба Коласа. За парадкам сочыць адмысловая дружына, створаная аркамітэтам “Чарнобыльскага шляху”. Міліцыя паводзіць сябе карэктна.

 

14.50 Распачалося жалобнае шэсце па вуліцы Сурганава да храма-помніка ў гонар іконы Божай Маці “Спатоленне загінулых” , што на скрыжаванні вуліц Карастаянавай і Арлоўскай.

 

14:45 Выступае Аляксандр Мілінкевіч: "Мы даказалі, што мірныя людзі, але свае правы будзем адстойваць". Ён сказаў, што стрымліваецца гуманітарная дапамога, не даюць дзецям магчымасці паехаць на аздараўленне. Мы можам па-рознаму ставіцца да будаўніцтва АЭС: "Але ва ўмовах дыктатуры АЭС не будуюць". Мілінкевіч распачынае збор подпісаў супраць АЭС будаўніцтва.

 

14.30 Выступілі Ігар Рынкевіч, Павал Севярынец, Лявон Баршчэўскі.  

 

14.20 Ля Акадэміі навук – каля 2.000 чалавек. Ідзе мітынг. Яго мусіў пачаць чарнобылец з Жодзіна Аляксандр Ваўчанін, аднак, як паведаміў намеснік лідэра Руху “За Свабоду” Віктар Карняенка, яго затрымалі па дарозе на Мінск. Выступілі Віктар Карняенка, Людміла Гразнова і акадэмік Іван Нікітчанка.

 

14.10 Ля будынка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачынаюць збірацца людзі, зараз там каля 500 чалавек, лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі Руху “За Свабоду”, з’явілася расцяжка: "Атамная энэргетыка -- гэта тупік".

 

Паводле непацверджанай пакуль інфармацыі, затрыманы актывіст апазіцыі Юрась Карэтнікаў.

 

Фота тут


Усе навіны