Мілінкевіч выступае ў Оксфардзе
У Брытаніі абмяркуюць поспехі і няўдачы грамадзянскай супольнасці ў працэсе дэмакратызацыі.
28 красавіка лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч выступае перад студэнтамі каледжа Св. Антонія пры Оксфардскім універсітэце, а таксама прымае ўдзел у круглым стале, прысвечаным ролі грамадзянскай супольнасці ў дэмакратычных трансфармацыях у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Выступ Аляксандра Мілінкевіча і круглы стол арганізаваныя Цэнтрам Еўрапейскіх даследаванняў пры Оксфардскім універсітэце. Весці мерапрыемства будзе Джон Лойд – дырэктар Ройтэрскага інстытута журналістыкі (The Reuters Institute for the Study of Journalism).
На круглым стале запланаваныя дыскусіі пра тое, якім чынам заходнія дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі могуць паспрыяць дэмакратычным трансфармацыям ў постсавецкіх краінах, чаму “каляровыя рэвалюцыі” прыводзяць да розных вынікаў, ад чаго залежыць стабільнасць новых дэмакратый у краінах былога сацлагеру.
Акрамя Аляксандра Мілінкевіча з дакладамі выступяць таксама Фiлiп Дзiмiтраў (былы Прэм’ер-мiнiстр Балгарыі) і Марцiн Бутора (былы дысiдэнт, былы пасол Славакіі ў ЗША)
Учора, адразу пасля прыезду ў Брытанію, Аляксандр Мілінкевіч правёў сустрэчу з 11 беларускімі студэнтамі, навучэнцамі Оксфарду.
Усе навіны


