Актывіста Руху выклікаюць на допыты
Цікавасць міліцыі да Сяргея Панамарова абумоўлена дадатковай праверкай, ініцыяванай пракуратурай Мінскай вобласці.
28 красавіка два супрацоўніка КДБ спынілі былую жонку Сяргея Панамарова, якая вярталася з працы. Спецслужбоўцаў цікавіла месцазнаходжанне клецкага актывіста, а таксама месца друку мясцовага бюлетэня “Бойкі Клецк”
30 красавіка лейтэнант міліцыі Клецкага РАУС С. Масько патэлефанаваў Сяргею Панамарову і патрабаваў на наступны дзень з’явіцца на допыт. У Першамай, калі актывіст Руху гуляў з унукам па парку, С. Масько настойліва запрасіў Сяргея Панамарова і ягоную былую жонку у РАУС. Допыт па крымінальнай справе, узбуджанай за “паклёп і абразу ў друкаваным выданні”, па якой сп. Сяргей праходзіць у якасці сведкі, праводзіў лейтэнант Клецкага РАУС В. Нупрэйчык.
Клецкія актывісты выклікаюць цікавасць таксама сталічных міліцыянтаў. Адразу пасля акцыі ў Мінску, 26 красавіка былі затрыманыя Сяргей Панамароў і яшчэ двое маладых клетчан, якія таксама ўдзельнічалі ў дазволеным шэсці. Міліцыянты на месцы затрымання ўзялі звесткі аб месцы жыхарства і працы. Пры гэтым прысутнічалі чацвёра чалавек “у цывільным”, які дапытваліся, хто яшчэ браў удзел у шэсці, чаму моладзь пратэстуе супраць улады, куды падзеўся бел-чырвона-белы сцяг з надпісам “Клецк”, які лунаў над калонай дэманстрантаў.
Выглядае на тое, што мясцовых сілавікоў вельмі хвалюе актыўная грамадская пазіцыя некаторых жыхароў Клецку і яны гатовыя выкарыстаць усе магчымыя сродкі, каб, калі не ліквідаваць, дык звесці да мінімуму палітычную актыўнасць у рэгіёне.
Усе навіны


