Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Аляксандр Мілінкевіч наведвае Францыю

05/05/08

Пад час візіту адбылася сустрэча з міністрам замежных спраў Францыі Бернарам Кушнерам, якая доўжылася каля гадзіны.

 

Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Інай Кулей знаходзяцца з візітам у Францыі. У першы дзень візіту адбылася сустрэча з кіраўніком французскага знешнепалітычнага ведамства Бернарам Кушнерам. Сустрэча праходзіла ў афіцыйнай залі прыёмаў французскага Міністэрства у свабоднай, нязмушанай абстаноўцы.

 

– Гэта была вельмі цікавая сустрэча. Спадар Кушнер не толькі палітык, а і вядомы грамадскі дзеяч, стваральнік сусветнай арганізацыі “Урачы без межаў”. Ён мае высокі маральны аўтарытэт у свеце. Нам было вельмі лёгка размаўляць, бо мы добра разумелі адзін аднаго як людзі, якім блізкая праваабарончая тэматыка, – паведаміў Аляксандр Мілінкевіч.

 

Пад час гутаркі Бернар Кушнер цікавіўся, што яго краіна можа зрабіць для больш эфектыўнай рэалізацыі палітыкі ЕЗ у адносінах да Беларусі. Як вядома, з ліпеня гэтага году Францыя будзе старшыняваць у Еўразвязе.

 

– Я распавёў, што вельмі важна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі. Гэта падтрымка рэпрэсаваных, развіццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі (радыё, інтэрнэт-выданні, тэлебачанне, мясцовых бюлетэняў), падтрымка моладзевых і адукацыйных праектаў, – падкрэсліў лідэр Руху “За Свабоду”.

 

Аляксандр Мілінкевіч таксама распавёў французскаму палітыку пра кампанію “За свабодныя выбары” і прапановы дэмакратычных сілаў па лібералізацыі выбарчага заканадаўства ў Беларусі.

 

– Практыка правядзення выбарчых кампаніяў у Беларусі не адпавядае мінімальным дэмакратычным стандартам. Мы дамагаемся зменаў, якія дазволяць наблізіць выбары ў Беларусі да агульнапрызнаных нормаў, – адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

 

Лідэр Руху “За Свабоду” падкрэсліў, што 12 прапановаў Еўразвязу да беларускага народу і ўраду – гэта абсалютна неабходныя і маральныя патрабаванні. Прычым першым павінна быць вырашана пытанне вызвалення палітычных вязняў Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.

 

Палітыкі таксама абмеркавалі пытанне распрацоўкі “дарожнай карты” па спрыянні еўрапеізацыі Беларусі, а таксама размаўлялі пра магчымае будаўніцтва АЭС на Беларусі.

 

Бернар Кушнер запэўніў, што будзе рабіць усё, каб палітыка Еўразвязу стала максімальна салідарнай з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Францыя мае намер шырока выкарыстоўваць досвед новых дзяржаваў-сябраў Еўразвязу па падтрымцы дэмакратызацыі Беларусі.

 

Пасля сустрэчы з міністрам замежных справаў Францыі Бернарам Кушнерам Аляксандр Мілінкевіч і Іна Кулей правялі прэсавую канферэнцыю.

 

 

 

Фота: www.diplomatie.gouv.fr

 

Фота: AFP


Усе навіны