“Каленам у Еўропу”
Пад такой назвай 23 траўня адбудзецца сустрэча гродзенцаў з адным з самых вядомых беларусаў Польшчы Міхасём Андрасюком, пісьменнікам, публіцыстам, журналістам.
На сустрэчы будзе арганізаваны прагляд кінастужкі “За бочку мёду”, створанай па сцэнару Міхася Андрасюка, а таксама адбудзецца прэзентацыя ягонай кнігі “Белы конь”.
“Андрасюк піша пра жыццё так рэалістычна, што маю адчуванне як бы мне хто палец між рэбры ўпіхнуў. Чытаю, і быццам, абапёршыся на плот, назіраю за тым, што адбываецца на суседскім панадворку. Балюча, горка, а дапамагчы, змяніць - не ў змозе... Фільм Міхася Андасюка “За бочку мёду” – гэта своеасаблівы трагіфарс. Падзеі адбываюцца пасля Другой сусветнай вайны… Новая польска-савецкая мяжа прадбачваецца якраз праз сярэдзіну беларускай вёскі Апака Вялікая. Апачукі думаюць, што зрабіць у такой сітуацыі. Думалі, і прыдумалі. Савецкім салдатам, што вызначалі мяжу наладзілі застолле, была самагонка – вёска і па сённяшні дзень славутая гэтым умельствам - быў мёд, і сала…і мяжа пайшла ў дзесяці кроках побач з вёскай. І сёння - гэтае каленка тэрыторыі можна лёгка заўважыць, калі добра ўгледзецца ў дакладную карту польска-беларускага памежжа…”– адзначаюць беластоцкія крытыкі.
Актывісты Руху “За Свабоду” запрашаюць усіх ахвотных на прагляд фільма і цікавую размову з Міхасём Андрасюком.
Пачатак сустрэчы 23 мая ў 18.30 па адрасе: Гродна, Будзёнага 48а – 44 (памяшканне Таварыства беларускай школы). Уваход вольны.
Усе навіны


