Мілінкевіч даслаў ліст кіраўніку Кубы
Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч далучыўся да міжнароднай кампаніі салідарнасці з кубінскімі палітвязнямі. Ён заклікае Рауля Кастра вызваліць Оскара Бісета Гансалеса, Хасэ Луіса Гарсія Панэка і іншых кубінскіх палітвязняў.
“Як прадстаўнік беларускіх дэмакратычных сілаў, я заклікаю да неадкладнага і безагаворкавага вызвалення Оскара Бісета Гансалеса і іншых палітвязняў Кубы, якія былі зняволеныя за рэалізацыю падставовых грамадзянскіх правоў, гарантаваных Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека”, – піша ў сваім лісце Аляксандр Мілінкевіч.
Лідэр Руху “За Свабоду” адзначае, што беларускія дэмакратычныя сілы, якія выступаюць за неадкладнае вызваленне трох беларускіх палітычных вязняў Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча выражаюць сваю салідарнасць з усімі, хто змагаецца за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды ва ўсім свеце.
“Мы перакананыя, што і кубінцы, і беларусы заслугоўваюць дэмакратычны ўрад, які паважае правы і свабоды грамадзян. Вызваленне палітычных вязняў у нашых краінах з’яўляецца першым крокам на шляху вяртання ў міжнародную супольнасць дэмакратычных нацыяў”, – адзначае Аляксандр Мілінкевіч.
ДАВЕДКА:
Доктар Оскар Бісет Гансалес (Oscar Elías Biscet González) з'яўляецца заснавальнікам і старшынёю кубінскага Фонду правоў чалавека. Ён адбывае 25-гадовы тэрмін зняволення з 2002 года, калі яго ў чарговы раз арыштавалі. Яго асудзілі разам з іншымі дысідэнтамі і журналістамі за тое, што ён нібыта аказаўся “наймітам замежнай дзяржавы”. Раней Оскар Бісет Гансалес адбываў 3 гады зняволення за вывешванне кубінскага сцяга дагары нагамі ў знак пратэсту супраць палітычных несвабод на Кубе.
Журналіст, заснавальнік незалежнай медычнай асацыяцыі докатар Хасэ Луіса Гарсія Панэк (Dr. José Luis García Paneque) асуджаны да 24 гадоў зняволення.
Праваабаронцы паведамляюць, што палітзняволеныя на Кубе знаходзяцца ў нечалавечых умовах, шмат хто з іх пакутуе на хранічныя захворванні.
Усе навіны


