Запрашаем на ўрачыстую прэзентацыю
21 мая ў Гродне адбудзецца прэзентацыя “Магдэбургскай Гародні” - першай кнігі серыі “Гарадзенская бібліятэка”, выданне якой распачаў Гродзенскі Рух “За Свабоду”.
Удзел у прэзентацыі возьме аўтар “Магдэбургскай Гародні” – Юры Гардзееў, ад’юнкт Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага універсітэта.
“Магдэбургская Гародня” Юры Гардзеева - першая ў Беларусі праца, прысвечаная сацыятапаграфіі беларускага горада. Шматгадовая скрупулёзная праца дазволіла аўтару стварыць унікальную для Беларусі кнігу, у якой з усёй магчымай паўнатой апісана развіццё горада як матэрыяльнага аб’екта з уваходам у гісторыю амаль кожнага пляца. Гэта сапраўды еўрапейскі ўзровень вывучэння еўрапейскай гісторыі беларускага горада.
Пачатак прэзентацыі “Магдэбургскай Гародні” – серада, 21.05.2008, 18.30 па адрасе: Гродна, вул. Будзёнага 48а - 44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы). Уваход вольны.
Даведка: Выдавецкая серыя “Гарадзенская бібліятэка” прысвячаецца той Гародні, якой мы можам ганарыцца. Яна будзе знаёміць з гісторыяй горада, свабоднай ад ідэалагічнай хлусні, з мастацкімі творамі і навуковымі працамі гарадзенцаў, якія сталі значным унёскам у культуру беларускага народу і нашых суседзяў. Яе кнігі будуць распавядаць пра людзей-стваральнікаў, якія ў розныя часы супрацьстаялі разбурэнню і знішчэнню, як бы гэта не называлася чарговымі ўладамі. Ганаровы патранат “Гарадзенскай бібліятэцы” ажыццяўляе лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
Усе навіны


