Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Мілінкевіч сустрэўся са старшынём Еўрапарламенту (фота)

27/05/08

Падчас сустрэчы з Гансам Гертам Пётэрынгам лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і сустаршыня аргкамітэту па ўтварэнню БХД  Павал Севярынец перадалі яму петыцыю вернікаў і 50 тысяч подпісаў, сабраных за адмену Закона аб свабодзе сумлення.


– Подпісы збіраліся для таго, каб змяніць нацыянальнае заканадаўства, бо яно абмяжоўвае правы грамадзян на свабоду сумлення і веравызнання. Калі ціск на вернікаў узмацніўся, пачаліся арышты пастыраў, мы вырашылі, што трэба збіраць подпісы за змену Закона. Подпісы былі перададзены ў Савет Міністраў, парламент, Канстытуцыйны суд, але гэта ніякіх вынікаў не дало. У мінулым годзе мы запланавалі сустрэчу з Гансам Гертам Пётэрынгам, каб уласнаручна перадаць інфармацыю пра парушэнні свабоды сумлення і пачалі рыхтаваць петыцыю,” – распавядае юрыст, сябра рабочай групы па зборы подпісаў Дзіна Шаўцова.


Ініцыятары падачы петыцыі ў Еўрапарламент канстатуюць, што ў Беларусі сістэмна парушаюцца права на свабоду сумлення. Яны звяртаюцца да міжнароднай супольнасці з просьбай аказаць дапамогу грамадзянам Беларусі ў барацьбе за свае правы, а менавіта: ініцыяваць правядзенне аналізу заканадаўства Беларусі па свабодзе сумлення і ўлічваць наяўнасць свабоды сумлення ў Беларусі як крытэр ацэнкі ступені дэмакратызацыі краіны.


Еўрапейская супольнасць звярнула ўвагу на праблемы свабоды сумлення ў Беларусі  у значнай ступені, дзякуючы намаганням недзяржаўнай арганізацыі Еўрапейскі цэнтр права і юстыцыі (European Centre for Law and Justice), якая актыўна падтрымала кампанію інфармавання еўрапейскай грамадскасці пра тое, што адбываецца ў Беларусі і дапамагла ў падрыхтоўцы петыцыі.


– Сітуацыя ў Беларусі з рэалізацыяй фундаментальнага права на свабоду веравызнання і сумлення выклікае занепакоенасць беларускага грамадства. Можна з усёй адказнасцю казаць, што сёння ў Беларусі гэтае права парушаецца. Ціск і пераслед за свае перакананні церпяць хрысціяне, вернікі ўсіх хрысціянскіх канфесіяў: праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, а таксама некаторыя аб’яднанні, якія вызнаюць сваімі прынцыпамі хрысціянскія каштоўнасці. Прычына ўсяго гэтага – неабачлівая, калі не сказаць мэтанакіраваная, дзяржаўная палітыка, у выніку якой рэлігійнае заканадаўства нашай краіны не адпавядае палажэнням Канстытуцыі і міжнародным нормам і стандартам. Грамадзянская супольнасць Беларусі бачыць заганнасць і шкоднасць такой палітыкі і спрабуе яе памяняць”, – лічыць Аляксандр Мілінкевіч.


У Бруселі запланавана прэсавая канферэнцыя, якую арганізуе дэлегацыя Еўрапарламента па сувязям з Беларуссю. На ёй прагучыць заява пра парушэнні рэлігійнай свабоды ў Беларусі. Увечары таксама пройдзе пазачарговае паседжанне дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, на якім плануецца выступ Аляксаўдра Мілінкевіча, Паўла Севярынца і праўніка Еўрапейскага цэнтра права і юстыцыі Роджэра Кішкі, які дапамог падрыхтаваць петыцыю пра парушэнне свабоды сумлення і аналіз беларускага заканадаўства.


Нагадаем, “Кампанія за свабоду веравызнання” па збору подпісаў за ўнясенне зменаў у Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” распачалася 22 красавіка 2007 года. Падчас кампаніі было сабрана больш за 50 тысячаў подпісаў беларускіх грамадзянаў у 200 гарадах і мястэчках. Удзел у зборы подпісаў прынялі вернікі розных хрысціянскіх канфесіяў і дэнамінацыяў. Існуючыя праблемы са свабодай веравызнання былі ўзняты і разгледжаны таксама падчас круглага стала “Свабода сумлення і веравызнання ў Беларусі”, які адбыўся ў Мінску 28 лістапада 2007 года па ініцыятыве Аляксандра Мілінкевіча.

 

 

 

 


Усе навіны