English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Знішчаюць незалежную газету

30/05/08

“Газету Слонімскую” высяляюць з памяшкання, якое яна займала 7 гадоў. Адсутнасць юрыдычнага адраса з’яўляецца падставай для ліквідацыі незалежнага выдання.

 

Спадзяванні журналістаў на тое, што праблема вырашыцца, не апраўдваюцца — кіраўнік слонімскага камбіната бытавога абслугоўвання Станіслаў Іванашка ў тэлефоннай размове з галоўным рэдактарам выдання Віктарам Валадашчуком папрасіў забраць акт аб перадачы памяшкання. І калі яшчэ 28 траўня спадар Іванашка даваў згоду працягнуць арэнду на адзін месяц, 29 траўня ён скасаваў усе дамоўленасці.

 

Гродзенскі актывіст Руху “За Свабоду” Павал Мажэйка лічыць, што ўлады разгарнулі сапраўднае паляванне на газету за яе незалежную пазіцыю і уплывовасць у рэгіёне:

 

– Пасля ліквідацыі ўладамі незалежных газет у Гародні і Смаргоні, “Газета Слонімская” апошнія некалькі гадоў застаецца адзіным незалежным выданнем на Гарадзеншчыне. Шматразова бываючы на Слонімшчыне, шчыра зайздросціў жыхарам горада і раёна, што яны маюць магчымасць знаёміцца з незалежнай пазіцыяй, з праўдзівай інфармацыяй пра падзеі, якія адбываюцца ў іх раёне, вобласці і Беларусі. Натуральна, што падобнае ніколі не падабалася сённяшняй уладзе і яна пачала паляванне на газету.

 

Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамляе, што 25 чэрвеня ў газеты заканчваецца ліцэнзія на раздробны гандаль, і ў рэдакцыі ёсць усе падставы апасацца, што яе не працягнуць. Супрацоўнікі газеты жывуць пад пастаянным прэсінгам з боку разнастайных «органаў» — ад ваенкамату да КДБ.

 

БАЖ заклікае неабыякавых чытачоў накіроўваць лісты адказным асобам Слонімскага рэгіёну, рашэнні якіх могуць паўплываць на лёс выдання.


Усе навіны