English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Журналісты і палітыкі будуць супрацоўнічаць

02/06/08

Прадстаўнікі прэсы і дэмсілаў пагадзіліся разам пераконваць людзей у неабходнасці дэмакратычных пераўтварэнняў.


У круглым стале "Узаемаадносіны дэмакратычных сілаў і незалежных СМІ ў Беларусі" прымалі ўдзел журналісты недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, лідэры палітычных партый і рухаў.


На думку, старшыні Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімера Коласа, прэса павінна больш узважана падыходзіць да крытыкі дэмакратычных палітыкаў, паколькі  нашае грамадства яшчэ не з’яўляецца адкрытым і спажывец інфармацыі не мае вялікага выбару СМІ, каб намаляваць для сябе рэальную карціну свету. На яго думку, праца грамадскай камісіі па электронных СМІ павінна дапамагчы больш эфектыўнаму выкарыстанню сродкаў на радыё і тэлебачанні.


Незалежныя СМІ і дэмакратычныя сілы зараз знаходзяцца ў аднолькава складаных умовах працы. Яны павінныя быць больш далікатныя ў сваіх ацэнках адзін аднаго, лічыць намеснік кіраўніка Руху “За Свабоду” Віктар Карнеенка. Журналіст павінен працаваць па прынцыпу “не нашкодзіць”, мяркуе лідэр БСДП(Г) Анатоль Ляўковіч. Падобнай думкі трымаецца рэдактар газеты “Товарищ” Сяргей Вазняк: “Палітыкі не павінны крыўдаваць, а журналісты – забывацца, у якой краіне жывуць”.


Старшыня БАЖ Жана Ліцвіна лічыць, што прэса не можа абслугоўваць палітычныя сілы. Журналісты не павінны ператварацца ў палітолагаў. Місія СМІ – узяць на сябе функцыю форума. Палітыкі могуць аб’яднацца ў тым, каб дамагацца вяртання друку незалежных газетаў у Беларусь, дабівацца адмены забароны на распаўсюд,  змагацца за роўныя умовы для дзяржаўных і недзяржаўных газет, вырашэнне праблемы акрэдытацыі. Палітыкі павінны ставіць перад сабой, як звышзадачу, дэманапалізацыю СМІ.


Незалежная прэса, на думку аднаго з намеснікаў старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, з’яўляецца адзіным сродкам камунікацыі палітыкаў з насельніцтвам. Яна павінна агучваць праблемы людзей, даносіць іх да ведама палітыкаў. Але ж прэса не можа пісаць пра тое, што не цікава. Інфармацыйную палітыку выдання павінна вызначаць рэдакцыя, а не назіральная рада альбо камісія, дадае Жана Ліцвіна. Празмерны ўплыў палітыка на газету ператворыць яе ў прапагандысцкі орган, лічыць рэдактар “Салідарнасьці” Аляксандр Старыкевіч.


На думку журналіста Аляксандра Класкоўскага, у палітыкаў адны мэты, у журналістаў іншыя, але варта знайсці паразуменне ў канцэптуальных рэчах. І палітыкі і СМІ зацікаўленыя, каб павялічыць абсяг дэмакратыі ў краіне. Тым не менш, СМІ і палітыкі –супрацоўнікі. Яны разам павінны данесці да грамадства ідэю неабходнасці дэмакратычных пераўтварэнняў. “Скажыце, з чым вы рушыце на выбары? Што прэса павінна данесці да людзей? І мы будзем пра гэта пісаць” – падсумоўвае Жана Ліцвіна.


Усе навіны