Севастопальскі парк хочуць забудаваць
У працэсе рэканструкцыі парка плануецца спілаваць 1662 дрэва і зачыніць свідравіны, якія забяспечваюць жыхароў раёна пітной вадой. Людзі катэгарычна не згодныя. Рух “За Свабоду” мае намер падтрымаць законныя патрабаванні мінчукоў.
Акрамя гэтага, згодна з планам, распрацаваным чыноўнікамі Мінгарвыканкама, у паркавай зоне плануецца размясціць жыллёвую забудову, тры грамадскіх туалета, рэстарацыі, кафэ, адміністрацыйны будынак з паркінгам на 600 аўтамабіляў, крытыя тэнісныя корты.
Справа ў тым, што Севастопальскі мае статус ландшафтна-рэкрэацыйнай водаахоўнай зоны, бо на яго тэрыторыі знаходзіцца 8 свідравін вадазабора “Зеляноўка”, які забяспечвае пітной вадой значную частку жыхароў Мінска. Радыус санітарнай зоны, паводле экспертаў, у падобных выпадках павінен складаць да 600 метраў. Усялякая забудова на тэрыторыі санітарнай зоны парка забаронена па Законе.
На думку мясцовых жыхароў, чыноўнікі наўмысна ідуць на парушэнне заканадаўства, бо маюць вялікі камерцыйны інтарэс ад забудовы зямлі, размешчанай недалёка ад цэнтра Мінска. Паводле некаторых ацэнак, жыллёвае будаўніцтва ў гэтай часткі Мінска прыносіць звышпрыбыткі, якія ацэньваюцца сотнямі адсоткаў.
Будаўнічыя працы распачынае фірма “Арэса- сэрвіс”. Забудоўшчыкі ў якасці аргументаў прыводзяць канцэпцыю ўшчыльненай забудовы, якая апошнім часам рэалізуецца ў сталіцы. Пакуль плануюць зачыніць 3 свідравіны. Але жыхары ўпэўнены, што будаўніцтва і гаспадарчая дзейнасць прывядуць да забруджвання і закрыцця астатніх свідравін. Жыхары раёну лічаць, што будаўніцтва распачынаецца на падставе незаконна выдадзеных экспертыз і ўзгадненняў з эколагамі і санітарнымі службамі. Пры гэтым парушаецца Генплан, зацверджаны прэзідэнтам.
– Дзяржава актыўна реалізуе праграму “Чыстая вада” а гарадскія ўлады той жа час бяздумна знішчаюць свідравіны чыстай пітной вады”, – абураецца жыхарка раёна пенсіянерка Валянціна Палікарпаўна.
Людзі арганізавалі збор подпісаў супраць забудовы парка. Яны накіравалі свой пратэст і 1600 подпісаў у Адміністрацыю прэзідэнта, Камітэт дзяржкантролю, Мінпрыроды, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, каб спыніць гэты намер гарадскіх чыноўнікаў. Але іх лісты перанакіроўваюцца ў Мінгарвыканкам, што з’яўляецца парушэннем Закона аб звароце грамадзян, бо менавіта на дзеянні гэтага органа ўлады людзі скардзяцца,.
Скарга ў пракуратуру, у якой людзі паведамлялі пра парушэнні заканадаўства і прасілі спыніць знішчэнне парка, ды прыцягнуць вінаватых да адказнасці, пакінутая без задавальнення, а перапіска спынена.
Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч намераны сустрэцца з жыхарамі мікрараёна “Усход-2”, каб абмеркаваць існуючую праблему і сумесна з экспертамі выпрацаваць захады па яе вырашэнню.
– Я адназначна далучаюся да ініцыятывы соцень грамадзян, якія выступілі супраць уседазволу чыноўнікаў. Нашы людзі маюць права на чыстую ваду, паветра і ўтульны для жыцця асяродак, гарантаванае Канстытуцыяй, – лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
Гэта не першая спроба “адкусіць” ад Севастопальская парку, агульная плошча якога складае 73 га, ласыя кавалкі зямлі. Тут спрабавалі пабудаваць хрысціянска-эвангелійскі цэнтар (у 1995 годзе), распачаць будаўніцтва шматкватэрных элітных жылых дамоў, праз парк планавалі правесці трэцяе транспартнае кола з жыллёвай забудовай уздоўж трасы. Гэтыя спробы былі сарваныя, дзякуючы зладжаным і масавым пратэстам мінчукоў.
Сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі мікрараёна “Усход-2” адбудзецца 12 чэрвеня ў 18.30 каля Севастопальскага парку.
Усе навіны



