У чаканні птушак Свабоды (фота)
У Мінску адкрылася выстава-кірмаш “Design фармат-2008”. Цвіком экспазіцыі стала калекцыя шпакоўняў вольнага мастака Алеся Пушкіна.
Мастак вырабіў каля трыццаці ўнікальных дамкоў для птушак, прысвечаных пэўным сацыяльным каштоўнасцям, і прапанаваў іх размаляваць вядомым беларускім мастакам, палітыкам, музыкам на свой густ. Атрымалася вельмі арыгінальна і яскрава.
– У краіне, якая пазбаўлена свабоды, вывесіць тую ці іншую тэматычную шпакоўню над сваёй хатай – адна з формаў выяўлення свайго жыццёвага крэда. Той, хто супраць смяротнай кары выбірае адно, хтосьці іншы ўпадабае “экалагічную” шпакоўню, альбо “саўковую”. Мне, напрыклад бліжэй да сэрца шпакоўня “для свядомых”, а таксама “еўрапейская” шпакоўня. Вельмі стылёва выглядае “касінерская”, – распавядае Алесь Пушкін.
Першыя шпакоўні Алесь Пушкін прадэманстраваў жыхарам вёскі Бобр 27 сакавіка. У гонар 90-х угодкаў БНР мастак узняў над шпакоўнямі бел-чыровна-белы сцяг і сцяг Еўразвязу. Ён таксама частаваў аднавяскоўцаў святочным пірагом. Міліцыя не зразумела шчырыя намеры вольнага мастака і затрымала яго. Суд пакараў Алеся Пушкіна штрафам у 25 базавых велічынь за нібыта непадпарадкаванне міліцыі. З таго дня ў мастака і ўзнікла ідэя зрабіць галерэю са шпакоўняў.
Да роспісу шпакоўняў далучыліся музыкі Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, палітыкі Аляксандр Мілінкевіч, Наста Палажанка, Вячаслаў Сіўчык, пісьменнікі Юры Станкевіч, Святлана Алексіевіч, мастакі Гаўрыла Вашчанка, Леанід Шчамялёў, Міхась Савіцкі, Алесь Цыркуноў, Міхал Анемпадыстаў, Юры Мяккі, Генадзь Драздоў, Руслан Вашкевіч.
Паглядзець шпакоўні, а найбольш упадабаныя і прыдбаць, можна да 7 чэрвеня ў “Белэкспа” на Я. Купалы, 27.




Усе навіны


